Вяртанне абраза ў ракаўскую святыню | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.08.2011 11:23

8 жніўня 2011 г. у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Ракаве адбылося ўрачыстае святкаванне літургічнага ўспаміну св. Дамініка. Культ гэтага святога ў парафіі звязаны з душпастырскай дзейнасцю дамініканаў, якія ў 1676 г. заснавалі парафію, а праз дзесяць год пабудавалі кляштар.

У гэты важны для парафіі дзень для публічнага ўшанавання быў выстаўлены абраз св. Марыі Магдалены, які вярнуўся ў святыню праз 50 гадоў. У савецкія часы касцёл зачынілі, а пасля выкарыстоўвалі пад зернесховішча. Абраз св. Марыі Магдалены вартаўнік прадаў аднаму з падарожных праз Ракаў.

На святкаванне парафіяльнага адпусту прыбылі шматлікія госці, у тым ліку святары і семінарысты. Святую Імшу ўзначаліў новапрэзбітэр кс. Андрэй Кеўліч, які напрыканцы Эўхарыстыі ўдзяліў кожнаму прысутнаму індывідуальнае благаслаўленне.

Раман Суша

 
© 2003-2024 Catholic.by