Мядзельскія вернікі адзначылі ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.09.2011 17:55

14 верасня 2011 г. у мядзельскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Будслаўскі дэканат) адзначалася парафіяльная ўрачыстасць. У Мядзелі стала добрай традыцыяй адзначаць гэтае свята на Кальварыі. На ўрачыстасць збіраюцца не толькі вернікі з Мядзела і навакольных вёсак, але і з іншых парафій.

Ля першага крыжа распачалося набажэнства Крыжовага шляху. Вернікі рознага ўзросту, святары, кансэкраваныя асобы — усяго каля сотні чалавек — крочылі ад крыжа да крыжа па вузкіх лясных сцяжынках і ўзгорках. Ля кожнага крыжа адбываўся кароткі прыпынак, малітва і разважанні, якія прамаўляў вікарый мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай а. Юрый Кулай OCD. Крыжовы шлях суправаджаў рэлігійнымі спевамі моладзевы хор з Нарачы. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел і айцы кармэліты з Мінска, Пінска, Гудагая і іншых месцаў.

У дзевяць гадзін вечара на ўзгорку Трох Крыжоў, які сімвалізуе гару Галгофу, распачалася святая Імша, якую цэлебраваў а. Пётр Фраштэнга OCD з Мінска. Гамілію прамовіў а. Марэк Пасюта OFMCap з Докшыц. Святар нагадаў аб значэнні Крыжа ў нашым жыцці, заклікаў быць вернымі Крыжу штодзённа і ва ўсіх абставінах.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі а. Павел Ляліта OCD выказаў шчырую падзяку ўсім, хто дапамагаў у яе арганізацыі і правядзенні.

Ігнат Лубнеўскі

 
© 2003-2024 Catholic.by