У Беларусь прыбыў новы Апостальскі нунцый | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.10.2011 16:45

10 кастрычніка 2011 г. у 15.30 у Мінск прыляцеў новы Апостальскі нунцый у Беларусі  арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.  Адразу пасля прылёту іерарх выказаў сваю радасць з таго, што будзе працаваць як прадстаўнік Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Беларусі. Арцыбіскуп адзначыў, што з самалёта любаваўся прыгажосцю нашай зямлі, дзе так шмат зелені і лясоў.

У аэрапорце «Мінск-2» іерарха сустракалі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня ККББ біскуп Аляксандр Кашкевіч, Генеральны сакратар епіскапату біскуп Антоні Дзям’янка, архімадрыт Сяргей Гаек, сакратар Нунцыятуры кс. прэлат Крыспін Дубель і прадстаўнік службы дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнік Ватыкана перадаў біскупам найлепшыя пажаданні ад Святога Айца Бэнэдыкта XVI і Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бертонэ.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі 16 ліпеня 2011 г. Да гэтага іерарх з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Грузіі, Арменіі і Азербайджане.

 
© 2003-2024 Catholic.by