У Мінску распачалася міжнародная канферэнцыя «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.11.2011 20:57

13 лістапада 2011 г. у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й. Рау распачалася міжнародная канферэнцыя «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы». У форуме прыняў удзел старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, які зараз знаходзіцца з візітам у нашай краіне.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у прывітальным слове падчас адкрыцця канферэнцыі адзначыў: «Гэта не першая наша сустрэча, калі мы з адкрытым сэрцам ідзём насустрач адно аднаму. Беларусь — гэта краіна, у якой гістарычна суіснуюць прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій».

«Часам нашы зносіны сутыкаліся з рознымі праблемамі. Іх вырашэнне магчыма толькі ў дыялогу, у імкненні пачуць і зразумець адно аднаго, — падкрэсліў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Па словах Патрыярха Кірыла, „разам з тэмамі, якія падзяляюць праваслаўных і католікаў, ёсць шмат праблем, па якіх мы займаем агульную пазіцыю. Гэта працэсы ліберальнай секулярызацыі, негатыўныя аспекты глабалізацыі, пытанні сацыяльнай і эканамічнай этыкі, крызіс сямейных каштоўнасцяў, падрыў нормаў традыцыйнай маралі“».

Дыялог Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла — гэта, па словах Мітрапаліта Філарэта, «сфера праявы царкоўнага такту», бо зараз патрэбны «не новыя аргументы з абодвух бакоў для абароны сваіх пазіцый, а суадносіны нашых дзеянняў з сацыяльнымі, эканамічнымі і культурна-гістарычнымі ўмовамі, якія вызначаюць рэаліі рэлігійнай свядомасці сучасных вернікаў». Праваслаўныя і католікі, як дадаў іерарх, «адказныя перад абліччам усяго свету за сведчанне аб хрысціянскіх каштоўнасцях».

Затым да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у Беларусі Леанід Гуляка, які адзначыў: «Сучаснасць ставіць новыя задачы, вырашыць якія магчыма толькі абапіраючыся на лепшыя культурныя і духоўныя традыцыі. Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл сёння садзейнічаюць умацаванню ў сучасным беларускім грамадстве ідэй верацярпімасці і талерантнасці». Хрысціянскія каштоўнасці, па словах Леаніда Гулякі, «не старэюць, і кожная эпоха можа чэрпаць з іх».

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў звароце да прысутных падкрэсліў: «Хрысціяне не з’яўляюцца толькі суддзямі свету — гэта радасныя абвяшчальнікі Добрай Навіны». Касцёл, па словах арцыбіскупа, чужы «ўсялякім зямным інтарэсам і імкнецца працягваць справу Хрыста, які прыйшоў сведчыць свету аб Праўдзе, каб збавіць, а не судзіць». Сучасны свет, падкрэсліў прадстаўнік Ватыкана, магчыма пакарыць «агульным сведчаннем людзей, адкупленых і перамененых Божай любоўю».

Пасол Эстонскай Рэспублікі ў Беларусі Яак Ленсмент адзначыў: «Хрысціяне могуць прытрымлівацца розных палітычных поглядаў, і гэта ніяк не перашкаджае братэрскай любові паміж імі». Для Цэркваў, па словах пасла, з’яўляецца важнай «здольнасць прызнаць вартасці адно аднаго».

Епіскап Віктар Круцько, старшыня Саюза евангелічных хрысціян-бапцістаў у Беларусі, падкрэсліў, што корань сацыяльных праблем — у тым, што «сёння людзі адвяргаюць Біблію, Хрыста, Божае слова». Таму хрысціянам «важна быць смелымі ў абвяшчэнні вучэння Хрыста». Таксама, як адзначыў, «нельга аддзяляць хрысціянскія каштоўнасці ад Хрыста, бо гэта — адно».

Прысутныя пачулі таксама прывітальныя словы іншых удзельнікаў і гасцей канферэнцыі.

Пленарнае пасяджэнне распачалося дакладам Мітрапаліта Філарэта «Хрысціянскія каштоўнасці ў сучаснай Еўропе». Па словах кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы, словазлучэнне «хрысціянскія каштоўнасці» сёння ўжываецца так часта, што губляецца яго сэнс. Таму неабходна зразумець, што сапраўды азначае гэтае словазлучэнне. Сёння, адзначыў іерарх, чалавецтва «нагадвае біблейскага Ёва, які пытаецца аб прычынах сваіх бедаў і няшчасцяў». Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл «сумеснымі намаганнямі павінны дапамагчы чалавецтву знайсці адказ на гэтае пытанне» ва ўмовах глабалізаванага свету, які «часам адкрыта дэманструе сваю хрысціянафобію».

«Адзінства хрысціян — гэта адзінства не толькі веры, але і добрых спраў», — падкрэсліў Мітрапаліт Філарэт. Іерарх выказаў надзею, што супрацоўніцтва Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла будзе развівацца.

Затым агучыў свой даклад пад назвай «Да пытання аб хрысціянскіх каштоўнасцях у Еўропе» кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ватыканскі іерарх прадставіў гісторыю паступовай дэхрысціянізацыі Еўропы. «Мы павінны спытаць сябе, які можам зрабіць уклад, каб хрысціянства зноў прыйшло ў наш секулярызаваны свет», — адзначыў кардынал Кох. Сёння ў нашых грамадствах, па словах прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, «менавіта Цэрквы сведчаць аб фундаментальных нормах і правах». Сапраўдная ж евангелізацыя, падкрэсліў кардынал, «заключаецца ў тым, каб перадаваць людзям тую ідэю, якую перадаў нам Пан, пасылаючы ў свет свайго Сына». Найбольш дзейсным, як дадаў іерарх, можа стаць сумеснае сведчанне праваслаўных і католікаў.

«Сённяшняя эпоха — гэта эпоха забыцця Бога і глухасці да Яго», — адзначыў кардынал Кох. Секулярыстычныя тэндэнцыі «сёння распаўсюджваюцца ўсё шырэй, і нашай задачай з’яўляецца падтрымліваць у свеце думку пра Хрыста». Толькі такім чынам можна, па словах прадстаўніка Ватыкана, не дапусціць наступлення трагедыі, калі «на месца Боскай праўды прыходзяць зямныя праўды». «Там, дзе з жыцця выганяюць Бога, вельмі хутка пачынаюць таптаць нагамі і людзей», — нагадаў іерарх.

Пасля невялікага перапынку адбыўся працяг пленарнага пасяджэння. З дакладам «Хрысціяне перад абліччам выклікаў постмадэрнісцкай ідэалогіі» да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Удзел старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Яго Эксцэленцыі кардынала Курта Коха надае гэтаму экуменічнаму форуму асаблівую значнасць у наш час вельмі інтэнсіўнага развіцця адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой», — адзначыў Мітрапаліт.

Арцыпастыр засяродзіў увагу на паняцці постмадэрнізму — новай фазы развіцця, у якой зараз знаходзіцца наша цывілізацыя. «Прапагандуючы агнастыцызм, маральны рэлятывізм  і рэлігійны індыферэнтызм, постмадэрнізм дзейнічае вельмі эфектыўна, змяняючы вобраз Бога, Касцёла і рэлігіі, — працягваў Мітрапаліт. — У сферы маралі ён выключае паняцце граху і розніцу паміж дабром і злом. У сферы пазнання сцвярджае, што не існуе аб’ектыўная і нязменная ісціна. У сферы рэлігіі робіць роўнымі ўсе рэлігіі, секты, рлігійныя рухі». Акрамя гэтага, постмадэрнізм «не прымае маральных і этычных нормаў»: «ён згодны з такой рэлігіяй, якая магла б быць элементам спажывальніцкага светапогляду, г.зн. выконвала б тэрапеўтычныя і дабрачынныя функцыі, прапаноўвала б людзям толькі тое, чаго яны самі хочуць, і забяспечвала б пачуццё бяспекі».

Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуў увагу таксама на небяспечнасці маральнага рэлятывізму ў сённяшнім свеце. «Грамадства, якое прымае маральны рэлятывізм, ужо не выхоўвае маладое пакаленне, а толькі яго ўзрошчвае. Яно не мае нічога агульнага з імкненнем выхаваць маральнага здаровага маладога чалавека, даць яму добры прыклад, прывіць яму пачуццё блізкасці да іншага, — адзначыў іерарх. — Як бацькі могуць выхоўваць сваіх дзяцей, калі самі не ведаюць, у што вераць? Тады яны змогуць ім толькі сказаць традыцыйную фразу, што жадаюць ім шчасця, поспехаў і спаўнення запаветнай мары. Ці такім павінны быць іх духоўны запавет і іерархія каштоўнасцяў, якую хочуць перадаць сваім дзецям?»

Хрысціянам, сутыкаючыся з гэтымі выклікамі, «неабходна памятаць, што ўжо сам Хрыстус аддзяліў sacrum ад profanum і абараняў боскае». У сучасным секулярызаваным свеце, па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, «кожны хрысціянін павінен стаць слугой Евангелля і яго сведкам», бо «ў адваротным выпадку замест праўдзівай веры будзе прапаноўвацца ні да чаго не абавязваючае рэлігійнае пачуццё, якое будзе трансфармавацца ў агнастыцызм і практычны атэізм». Хрысціянская візія рэальнасці, падкрэсліў арцыпастыр, «павінна ахапіць усё жыццё чалавека: сям’ю, культуру, навуку, моладзь, сродкі масавай камунікацыі, эканоміку, палітыку і да т. п.».

Поўны тэкст даклада на рускай мове тут>>>

У сённяшні час, падкрэсліў арцыбіскуп, «можа, больш, чым калі-небудзь раней, вельмі важна, каб усе хрысціяне адзіным фронтам абвяшчалі Добрую Вестку і абаранялі хрысціянскія каштоўнасці». Хрысціяне «будуць мець большы ўплыў у свеце, калі будуць дзейнічаць супольна», а асабліва гэта датычыць «католікаў і праваслаўных, у якіх значна больш таго, што яднае, чым раз’ядноўвае».

Затым удзельнікі канферэнцыі пачулі даклад прадстаўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыяхату протаіерэя Дзімітрыя Сізаненкі «Праваслаўна-каталіцкі форум: вопыт сумеснага сведчання аб хрысціянскіх каштоўнасцях у сучаснай Еўропе». З дакладам «Хрысціянства, культура і крызіс чалавека. Погляд у Еўропу з рускага свету» выступіў загадчык кафедры навейшай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Рымскім універсітэце, генеральны сакратар «Супольнасці святога Эгідзія» Адрыяна Раккуччы. Таксама напрыканцы першага дня канферэнцыі былі ўручаны прэміі «Залаты сланечнік».

Працяг міжнароднай канферэнцыі адбудзецца 14 і 15 лістапада гг.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by