Касцёл — гэта месца сяброўства: брат Алоіз Лазэр сустрэўся з моладдзю Мінска | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.11.2011 14:19

Прыёр экуменічнай супольнасці з Тэзэ брат Алоіз Лазэр 12 лістапада 2011 г. сустрэўся з хрысціянскай моладдзю сталіцы. У Мінск брат Алоіз Лазэр прыбыў з двума братамі — Георгам і Бенуа — па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і прымае ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай праваслаўна-каталіцкаму дыялогу.

Падчас малітоўнай сустрэчы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прыёр экуменічнай супольнасці нагадаў пра дзве вялікія небяспекі сённяшняга часу. «Першая звязана з даверам Богу: усё больш маладых хрысціян ставяць пад сумненне давер Богу, губляючы сваю веру. Другая небяспека звязана з абыякавасцю адно да аднаго. Сцены існуюць не толькі паміж народамі і нацыямі, але нават у саміх нас і ў нашых сем’ях. І мы павінны вучыцца пераадольваць іх», — адзначыў брат Лазэр.

Разважаючы на тэму экуменізму, брат Алоіз звярнуў увагу на тое, наколькі важным з’яўляецца сёння ўзаемапаразуменне. Таксама прыёр падкрэсліў, што абавязак хрысціяніна — быць гатовым адкрыць сваё сэрца для дабра: «Мы павінны больш уважліва ставіцца да тых, хто слабейшы. Наша ўвага да бедных можа выяўляцца ў сацыяльнай дапамозе. У свеце, дзе пануюць жорсткасць і пакута, трэба ўмець слухаць голас Хрыста, які дае нам супакой і робіць нас людзьмі супакою».

Другая частка сустрэчы праходзіла ў праваслаўным прыходзе іконы «Усіх смуткуючых радасць». Настаяцель прыхода а. Ігар Карасцялёў распавёў пра гісторыю стварэння прыхода і абазначыў асноўныя сацыяльныя накірункі дзейнасці ў прыходзе. Пазней для ўсіх прысутных была арганізавана экскурсія ў будучы конкатэдральны храм, які будуецца побач з прыхадской царквой іконы «Усіх смуткуючых радасць».

«Для мяне вельмі кранальна быць у вашай краіне і знаёміцца з яе духоўнасцю, — падзяліўся сваімі пачуццямі пасля экскурсіі брат Лазэр. — Я вельмі цешуся з таго, што пабачыў. Беларусь — маладая краіна, якая атрымала незалежнасць толькі нядаўна, але галоўнае — нягледзячы ні на што, вы змаглі захаваць веру».

Сустрэча моладзі з братамі з Тэзэ працягвалася дзве гадзіны. Шмат з тых, хто прыйшоў на сустрэчу, мелі вопыт удзелу ў еўрапейскіх сустрэчах Тэзэ, многія наведвалі вёску Тэзэ непасрэдна.

Брат Алоіз Лазэр папрасіў моладзь падзяліцца перажываннямі, атрыманымі ў Тэзэ. «Самае прыемнае ў Тэзэ — адчуванне гармоніі падчас малітвы. Я думаю, мы павінны прынесці якраз гэтую гармонію ў нашы цэрквы таксама», — выказалася адна з прысутных. «Малітва змяняе свядомасць чалавека незалежна ад уцаркаўлення, — адзначыла другая выступоўца. — У Тэзэ душа знаходзіць сябе…» «Як кожная канфесія, молячыся, набліжаецца да Бога, так і хрысціяне, прабываючы разам у Тэзэ, набліжаюцца адно да аднаго духоўна», — заўважыў малады хлопец.

«Мы прыемна здзіўлены, што так шмат людзей сёння прыязджаюць у Тэзэ. Гэта распачалося ў пачатку 60-х і трывае да сёння, — гаворыць брат Лазэр. — Гэта азначае, што людзі ставяць духоўнасць на першае месца. Гэта важна. Касцёл становіцца месцам сяброўства, дзе сустракаюцца людзі розных веравызванняў. Але мне не хацелася б, каб пасля прыезду з Тэзэ моладзь жыла толькі ўспамінамі. Я хацеў бы, каб моладзь звярнула ўвагу на тое, як яна жыве тут — у сваёй краіне і ў сваім прыходзе. Касцёл прагне і патрабуе вас».  

Напрыканцы сустрэчы брат Георг з Тэзэ расказаў пра тое, як рухаецца падрыхтоўка да зімовай сустрэчы Тэзэ ў Берліне. У прыватнасці, брат адзначыў гатоўнасць мясцовых жыхароў прыняць на начлег будучых пілігрымаў і спыніўся на працы валанцёраў, якія ўжо прыбылі ў нямецкую сталіцу.

Ілья Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by