Арцыбіскуп Гуджэроцці ў 10-ю гадавіну біскупскай сакры: вялікая радасць служыць народу, які заўсёды меў сваё імя | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.01.2012 20:43

5 студзеня 2012 г. у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены адбылася літургія з нагоды 10-годдзя біскупскай сакры Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Разам з юбілярам маліліся ўсе беларускія біскупы, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і шматлікія святары.

Гамілію прамовіў Мітрапаліт Кандрусевіч, у якой нагадаў, што біскуп пакліканы кіраваць даручаным яму Касцёлам, абвяшчаць Евангелле, а таксама быць вартаўніком веры і літургіі. Арцыпастыр, кажучы пра служэнне юбіляра, адзначыў, што за два месяцы яго прабывання ў Беларусі яго вельмі палюбіла каталіцкая супольнасць нашай краіны.

Мітрапаліт падзякаваў арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці за яго адкрытасць, бадзёрасць, гумар, маладосць і за імпульс, які ён дае беларускаму народу.

Мінула 10 гадоў з дня біскупскага пасвячэння Клаўдыё Гуджэроцці. Святкаванне гэтай даты мімаволі скіроўвае ў той памятны дзень. «Гэта была раніца, калі я адчуваў сябе ў руках Пана», — прыгадаў юбіляр словы бл. Маці Тэрэзы, кажучы пра пачатак свайго служэння.

Памяць пра «далікатны дотык» Яна Паўла ІІ падчас удзялення біскупскай сакры іерарх пранясе праз усё сваё жыццё. Тады Папа ўсклаў на яго толькі адну руку, бо другою ўжо мусіў трымацца за крэсла.

Яшчэ жывыя ў памяці арцыбіскупа Гуджэроцці размовы з Янам Паўлам ІІ. Былі сярод іх і тыя, якія датычылі асобы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і яго цяжкай місіі ў Расіі. Незабыўнаю для юбіляра стала і ўсмешка Папы-славяніна, з якою той казаў пра Мітрапаліта Кандрусевіча.

Сярод мноства словаў удзячнасці арцыбіскупа Гуджэроцці былі і словы падзякі Святому Айцу, які пажадаў накіраваць яго ў Беларусь, дзе ён сустрэў «выключны народ», «напоўнены любоўю», «народ, які не хацеў паміраць, калі яго забівалі», «народ, які заўсёды меў сваё імя — беларусы». Іерарх заклікаў каталіцкую супольнасць Беларусі даваць сведчанне любові, тады іншыя, як адзначыў, таксама адкажуць любоўю.

На заканчэнне Апостальскі нунцый падкрэсліў, што з Касцёлам нельга жартаваць. Яго можна прынізіць, можна таптаць, прадаць… Але «Касцёл — гэта цела Хрыста. І праз тры дні ён уваскрэсне».

Валянціна Крутая

 
© 2003-2024 Catholic.by