Выдавецтва «Pro Christo» адзначана двума дыпломамі на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі-2012» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.02.2012 11:29

Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў 51-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012», якая адбылася 7 лютага ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі, адзначана двума ганаровымі дыпломамі.

У намінацыі «Духоўнасць» сярод выданняў навукова-асветніцкага накірунку дыпломам ІІ ступені была адзначана кніга «Pro Christo» пад назвай «Падрыхтуйце дарогу Пану» — фотаальбом, прысвечаны візіту ў Беларусь кардынала Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI.

Яшчэ адзін дыплом ІІ ступені прысуджаны выдавецтву ў намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны». У гэтай катэгорыі была адзначана фотакніга «In Nomine Domini» («У Імя Бога»).

Журы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012» адзначыла і іншыя хрысціянскія выдавецтвы. У прыватнасці — Свята-Ефрасіньеўскі жаночы манастыр Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (перамога ў намінацыі «Духоўнасць»), выдавецтва Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату (перамога ў намінацыі «Садружнасць» і дыплом І ступені ў намінацыі «За ўклад ў захаванне духоўнай спадчыны»), выдавецтва «Братэрства ў гонар святога Архістратыга Міхаіла ў г. Мінску» (дыплом І ступені ў намінацыі «Духоўнасць»), выдавецтва Свята-Елізавецінскага жаночага манастыра ў Мінску (дыплом І ступені ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём»).

Галоўную ўзнагароду конкурсу — Гран-пры ў намінацыі «Трыумф» — атрымала выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» за кнігу «Дзмітрый Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864-1867». Выдавецтву быў уручаны дыплом імя Францішка Скарыны і памятны знак-сімвал «Вялікі залаты фаліянт».

Як адзначыла першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, на перамогу ў Нацыянальным конкурсе прэтэндавалі 40 выдавецтваў, якімі было выпушчана 190 выданняў. «Мастацтва кнігі», па словах Ліліі Ананіч, — гэта даніна павагі да друкаванага слова, прадстаўленне лепшых айчынных кніг як духоўнай каштоўнасці, духоўнага паслання будучым пакаленням, бачнага факту нацыянальнай культуры.

Ілья Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by