«Ноч канфесіяналаў» пройдзе ў Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.04.2012 12:03

Душпастырская акцыя «Ноч канфесіяналаў» упершыню пройдзе ў Мінску. У ноч напярэдадні Пасхальнага Трыдууму з Вялікай серады на Вялікі чацвер (4–5 красавіка) кожны жадаючы зможа паспавядацца ў капліцы Маці Божай Будслаўскай (Каменая горка).

Акцыя распачнецца ў 18.00 і працягнецца да 3-й гадзіны ночы. Яна дасць магчымасць скарыстацца з сакрамэнту споведзі ўсім, хто праз недахоп часу яшчэ не паспеў зрабіць гэтага і пасадзейнічае больш глыбокаму перажыванню і роздуму над сутнасцю пакутаў Хрыста і Яго ўваскрасення.

«Ёсць людзі, якія па розных прычынах яшчэ не паспелі паўдзельнічаць у велікапосных рэкалекцыях, паспавядацца. Такая акцыя дапаможа ім духоўна падрыхтавацца да перажывання велікодных святаў», — адзначыў пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь.

Ідэя «адчыненых канфесіяналаў» нарадзілася ў 2007 г. у Чыкага. Тады з сакрамэнту споведзі скарысталі 2500 чалавек.

 
© 2003-2024 Catholic.by