Святочныя дні па-скаўцку: прыпыніцца, каб паглядзець на неба | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.04.2012 12:27

Вясновую вандроўку здзейснілі скаўты Мінскага вогнішча правадніц бл. Мар’яны Бярнацкай 22–24 красавіка 2012 г. Гэты час стаў для кожнай з удзельніц вандроўкі прыпынкам сярод бясконцых турбот на жыццёвым шляху.

Мы вырушылі з Мінска на электрычцы да Дзяржынска, адкуль павінен быў пачацца наш шлях. Як толькі зачыніліся дзверы цягніка, зачыніўся і той мітуслівы свет. Мы апынуліся ў зусім іншай прасторы, дзе няма часу, ёсць толькі сцежка праз лес, неба над галавою, побач сяброўкі-скаўткі. І, безумоўна, Бог, які прысутнічаў і ў постацях хлеба і віна на св. Імшы, і ў ружанцовай малітве, Гадзіне Святла (адзін з элементаў фармацыі правадніцы, які азначае час асабістай малітвы), і проста ў паветры, сонейку, дажджы, які нас шчодра паліваў, а таксама ў кожным чалавеку, якога мы сустракалі.

Нас чакалі розныя выпрабаванні: і дрэннае надвор’е, і мазалі, і цяжкія заплечнікі. Але дзеля гэтых трох дзён, дзеля гэтага «аазісу» сярод штодзённасці варта было ўсё пакінуць і вырушыць у шлях.

Не пераставала нас здзіўляць і родная зямля. Са школьных урокаў па геаграфіі мы ведаем, што Беларусь знаходзіцца на раўніне. Але ж колькі ўзгоркаў, а часам і амаль што сапраўдных гор, мы пабачылі і прайшлі за гэты час!

Мы пабывалі на месцы пахавання Каруся Каганца. Нас вельмі натхнілі радкі аднаго з ягоных вершаў, напісаныя на магіле:

Адважна, брацця, наперад ідзіце,
Цвёрдай і правай ступою!
Кожнаму смела ў вочы глядзіце,
Праўду насіце з сабою!

Былі і ў сядзібе Кастравіцкіх у Вялікіх Навасёлках, сядзібе Ваньковічаў, на самай вышэйшай кропцы Беларусі — гары Дзяржынскай, у цудоўным мястэчку Ракаў.

Мы стараліся быць для людзей сведкамі Уваскрослага Хрыста, сведкамі Яго любові, сведкамі моцы сяброўства скаўтынгу.

Вандроўка скончылася, мы раз’ехаліся па сваіх дамах, але кожны захаваў у сваім сэрцы кавалачак досведу гэтых дзён. Хтосьці больш паяднаўся з Богам, хтосьці цудоўна правёў час, а хтосьці сустрэўся са сваімі недахопамі. Але, безумоўна, нам усім гэтыя дні прынеслі вялікі плён, якім ёсць жаданне дзяліцца.

Кацярына Крамарэнка

 
© 2003-2024 Catholic.by