Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Налібаках і Хатаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.05.2012 11:15

5 мая 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 45 вернікам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках і 40 вернікам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Хатаве. Большасць кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту складала моладзь.

У гаміліях Мітрапаліт, зыходзячы са словаў гімна да Святога Духа: «Сыдзі, Дух Святы, і аднаві воблік зямлі», нагадаў пра тое, што сапраўднае аднаўленне зямлі наступае праз аднаўленне чалавека. «Сын Божы — Езус Хрыстус — змяніў свет, збавіў яго і прынёс новы закон любові да Бога і бліжняга, — адзначыў арцыпастыр. — Завяршыўся час, калі прынцыпам было „вока за вока“ і „зуб за зуб“; наступіў час, калі трэба дараваць столькі разоў, колькі патрэбна, час, калі на бязмежную любоў Бога да чалавека неабходна адказаць падобнай любоўю».

«Як гэта ўчыніць? Адказ адзін і просты: захоўваць Божы закон, — працягваў іерарх. — Ён не абмяжоўвае свабоду чалавека, але дадзены для таго, каб засцерагчы чалавека ад няшчасцяў і весці яго такім шляхам, каб ён мог будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і дасягнуў вечнага шчасця ў небе».

У той жа час, дадаў Мітрапаліт, гэта нялёгка: «Д’ябал, як рыкаючы леў, імкнецца як мага больш людзей зацягнуць у свае сеткі. Ён спакушае людзей праз іх саміх. Паглядзім, напрыклад, толькі на сучасную моду. Моладзь усімі праўдамі і няпраўдамі імкнецца выглядаць як мага больш сексуальна, не задумваючыся аб тым, якой небяспецы падвяргае сябе саміх і як дзейнічае на іншых. Сучасны чалавек імкнецца да неабмежаванай свабоды чыніць усё, што яму хочацца. Аднак гэта не заўсёды маральна». Чалавек нашага часу, падкрэсліў іерарх, адмаўляецца ад існавання абсалютнай праўды, што вядзе да адмаўлення ад Бога, кажа, што не можа быць абсалютнай праўды, што яна змяняецца са зменай часу. «Аднак мы ведаем, што не змяняюцца фізічныя законы. Таксама не змяняюцца і маральныя нормы», — адзначыў Мітрапаліт.

Каб супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям, неабходна, па словах арцыпастыра, быць моцным духоўна. Касцёл дае для гэтага адпаведныя сродкі, найперш сакрамэнт канфірмацыі.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў, асабліва тых, хто прыняў гэты сакрамэнт, адкрыцца на дзеянне Святога Духа, каб Ён перамяніў іх і праз іх перамяніў свет.

Іерарх таксама падзякаваў за добра арганізаваную літургію ў парафіях і актыўны ўдзел вернікаў у набажэнствах.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме