Парафіяльны фэст у Волме: святы Рох абараняе не толькі ад заразы, але і ад пошасці | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.08.2012 10:49

18 жніўня 2012 г. у в. Волма (Дзяржынскі дэканат) прайшла штогадовая парафіяльная ўрачыстасць з нагоды ўспаміну св. Роха. Апякун хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў добра вядомы найперш у Італіі, бо падчас эпідэміі ў Рыме ў 1317 годзе ён аздаравіў шматлікіх хворых на чуму. Ведаюць гэтага святога і ў Беларусі. Да таго ж ён лічыцца апекуном Мінска, бо дзякуючы яго заступніцтву ў горадзе спынілася эпідэмія халеры.

На фэст у Волму акрамя мясцовых парафіянаў прыбылі і вернікі з іншых парафій. У гаміліі, якую прамовіў кс. Юрый Санько, прысутныя яшчэ раз пачулі пра цноты гэтага святога. «Свае радасці і поспехі, крыўды і цяжкасці мы павінны ўмець ахвяраваць Богу, і ў гэтым цудоўным прыкладам для нас з’яўляецца св. Рох», — падкрэсліў святар і пажадаў, каб кожны пасля ўрачыстасці вярнуўся дамоў аздароўлены перш за ўсё духоўна.

Напрыканцы св. Імшы кс. пробашч Уладзімір Каспарэвіч падзякаваў удзельнікам фэсту за малітву і запрасіў на наступны год. Пасля літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія.

Кацярына Жыдовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by