Сямейны рух «Equipes Notre Dame» распачаў новы фармацыйны год | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.09.2012 12:37

Сустрэча ўдзельнікаў руху «Equipes Notre Dame», прысвечаная распачаццю новага фармацыйнага года, адбылася 15 верасня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку. Ва ўрачыстасці прыняў удзел кс. Андрэй Стэцкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама духоўны кіраўнік руху ў Беларусі кс. Андрэй Сіповіч, духоўныя дарадцы і адказныя пары.

Дзень распачаўся святой Імшой. Пасля Імшы адбылася канферэнцыя кс. Андрэя Стэцкевіча, у якой былі закрануты пытанні сямейных адносінаў і правільнага выхавання дзяцей.

«У сям’і не павінна быць насілля, як у адносінах паміж мужам і жонкаю, так і ў адносінах да дзяцей. Ніхто не можа дзіцяці замяніць сям’ю. Лепшым прыкладам для яго з’яўляюцца толькі бацькі, якія павінны перадаць яму веру, любоў да бліжняга, духоўныя каштоўнасці. Аднак і аб патрабавальнасці з боку бацькоў не трэба забывацца», — адзначыў святар.

Затым з пажаданнямі плённай працы з сем’ямі да святароў звярнуўся кс. Андрэй Сіповіч. У выступленні падзякаваў святарам за працу ў руху «Equipes Notre Dame» і нагадаў, што яна вельмі важная, адказная і патрэбная. Духоўны кіраўнік пажадаў таксама плённага фармацыйнага года.  

Ад імя арганізатараў дзякуем усім прысутным на ўрачыстай сустрэчы. Сем’ям хочацца сказаць наступнае: «Не бойцеся ўсхваляць Бога. Наш рух — гэта дар Божы, гэта моц, гэта вялікая падтрымка для ўсіх нас. Няхай Добры Езус вам заўжды дапамагае і благаславіць вашым дзецям, а Маці Божая аберагае вас, як сваіх дзяцей».

Людміла і Андрэй Шкраба

 
© 2003-2024 Catholic.by