Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Віншаванне Мітрапаліта Кандрусевіча на 15-годдзе рэкансэкрацыі мінскага архікатэдральнага касцёла: каб архікатэдра сапраўды была месцам новай евангелізацыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.10.2012 08:32

«Збудаваны тры стагоддзі таму Дом Божы перажыў часы росквіту Касцёла і часы яго пераследу, асабліва жорсткага ў ХХ стагоддзі. Аднак яго гісторыя яшчэ раз паказала, што Бог з’яўляецца яе Панам і што Ён ставіць апошнюю кропку над „і“», — адзначае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у віншаванні на 15-годдзе рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адзначаецца 21 кастрычніка 2012 г. Арцыпастыр прымае ўдзел у Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыі ў Ватыкане.

«Адрэстаўраваная і нанова кансэкраваная катэдра — гэта плён малітвы, старанняў і ахвярнай працы многіх людзей, якім сёння з далёкага Рыма, дзе знаходжуся на Сінодзе Біскупаў, хачу выказаць шчырую падзяку і ў інтэнцыі якіх малюся і прашу вас маліцца», — адзначае іерарх у віншаванні.

Мітрапаліт складае падзяку і нізкі паклон душпастырам, вернікам, «якія верылі, маліліся і дапамагалі, як толькі маглі; дзяржаўным уладам, якія ўжо ў тыя далёкія часы зразумелі патрэбы вернікаў і пайшлі ім насустрач; спонсарам і рэстаўратарам».

Арцыпастыр дадае, што 15-годдзе рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры адзначаецца «падчас прысвечанага новай евангелізацыі для перадачы веры Сіноду Біскупаў, у Год веры, які распачаўся нядаўна і мэтай якога ёсць нанова адкрыць праўду веры і яе прыгажосць, каб, жывучы ёю, будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і дасягнуць вечнага шчасця». «Айцы Сіноду падкрэсліваюць, што парафія з’яўляецца галоўным месцам новай евангелізацыі. У гэты асаблівы дзень жадаю, каб мінская архікатэдра — маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — і архікатэдральная парафія сапраўды была месцам новай евангелізацыі, дзякуючы якой людзі аднойдуць і ўмацуюць сваю веру», — такое пажаданне выказвае Мітрапаліт.

Поўны тэкст віншавання тут>>>

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме