Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Наймалодшыя вернікі парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне шукалі ключ да сваёй веры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.11.2012 22:08

Рэкалекцыі для дзяцей адбыліся ў вёсцы Лебедзева, недалёка ад Маладзечна. На сустрэчы сабраліся дзеці ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў пад кіраўніцтвам сястры Крыспіны MSF, а таксама старэйшых аніматараў. Тэмай рэкалекцый стала вера — заўсёды актуальнае і важнае пытанне.

У першы дзень с. Крыспіна паведаміла дзецям, што веру можна параўнаць з ключом, і каб яна не страціла свайго значэння, ёй неабходна карыстацца і нельга дапусціць, каб яна «заржавела». У самым пачатку рэкалекцый удзельнікі атрымалі сімвалічны ключ. Задачай хлопчыкаў і дзяўчынак было знайсці спосабы, каб іх ключ за час рэкалекцый не страціў сваёй прыгоднасці. Гэтымі спосабамі, як даведаліся дзеці, былі малітва, споведзь, святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, добрыя ўчынкі для бліжняга і чытанне Святога Пісання.

Актыўна і з вялікім энтузіязмам маленькія вернікі выконвалі ўсе пастаўленыя перад імі задачы.

Каб нагадаць дзецям, што кожны з іх атрымаў веру падчас хросту ад сваіх бацькоў і хросных, у першы дзень рэкалекцый адбылося аднаўленне абяцанняў хросту. Хлопчыкі, дзяўчынкі і старэйшыя разам успомнілі, дзе мела пачатак іх вера. Запаліўшы свечкі, яны яшчэ раз адракліся ад усяго злога і вызналі сваю веру. Пасля ўдзельнікі рэкалекцый падзякавалі старэйшым за перададзеную веру, напісаўшы лісты, у якіх яны дзякавалі бацькам, хросным, бабулям і дзядулям за дар веры.

Найважнейшай часткай рэкалекцый сталі споведзь, да якой кожны з удзельнікаў павінен быў добра падрыхтавацца, і штодзённая святая Імша. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі глядзелі фільмы пра жыццё святых, з непадробнай цікавасцю разважалі над пакліканнем і верай св. Францішка, над моцнай верай Абрагама.

У дзяцей быў час і на сур’ёзныя размовы, і на вясёлыя забавы. Свае разважанні ў групах яны перадавалі праз сцэнкі, малюнкі, тым самым дзелячыся сваёй верай. На апошні дзень рэкалекцый былі запрошаны бацькі. Для іх дзеці падрыхтавалі сцэнку, у якой паказалі тое, што адбывалася з імі за ўвесь час рэкалекцый, такім чынам распавёўшы пра спосабы ўзрастання ў веры. Хлопчыкі і дзяўчынкі прасілі сваіх бацькоў аб малітве за іх, каб яны ўзрасталі ў веры і ніколі не страцілі яе.

Заключнай часткай сустрэчы было дзяленне хлебам. Спяваючы гімн рэкалекцый «Делимся верой, как хлебом», іх удзельнікі з усмешкай і радасцю дзяліліся не толькі хлебам, але і сваёй шчырай верай.

Дзякуем Богу за праведзены час.

Дамініка Гулевіч, аніматар групы


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме