Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч на каляднай сустрэчы ў Шклове: свет патрабуе сям’і, моцнай Богам
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.12.2012 18:30

30 снежня, у свята Святой Сям’і, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у рамках калядных сустрэч святую Імшу ў парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове.

У гаміліі арцыпастыр закрануў тэму моцнай Богам сям’і, якой была Святая Сям’я і якой, па словах Мітрапаліта, павінна быць таксама кожная сям’я. Езус, Марыя і Юзаф, якія ў вачах людзей былі такімі ж, як іншыя, а акрамя таго былі беднымі, тым не менш, як адзначыў іерарх, былі моцнымі Богам.

«У чым гэта праяўлялася? Яны былі адкрыты на Бога, Яго дзеянне і волю, — патлумачыў Мітрапаліт. — А гэтая воля была патрабуючай». Дастаткова, дадаў арцыпастыр, узгадаць, што ў Гетсэманскім садзе Езус маліўся: «Ойча, забяры ад Мяне гэты келіх цярпенняў, аднак няхай будзе Твая воля». А на крыжы Ён казаў: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

Марыя ж, працягваў Мітрапаліт, згадзілася з воляй Божай быць Маці Збаўцы і заўсёды выконвала гэтую волю, хаця меч болю прабіваў яе сэрца. Яна, па словах іерарха, будавала сваё жыццё на моцнай скале, якой быў сам Бог.

Юзафа, як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, Святое Пісанне называе «справядлівым» — гэта азначае тым, хто жыве паводле Божага закону, хто не крыўдзіць іншых, хто справядліва зарабляе на жыццё. У Юзафе, падкрэсліў Мітрапаліт, праявілася ахвярная любоў да Бога, Марыі і Езуса, і яму можна адрасаваць словы псальміста: благаслаўлёны той, хто баіцца Пана і хто ходзіць Ягонымі сцежкамі.

Усё гэта, падвёў выснову арцыпастыр, нагадвае, што Святая Сям’я «сапраўды была моцнай Богам, і такой сям’і патрабуе сучасны свет».

Мітрапаліт заклікаў сем’і браць прыклад са Святой Сям’і і «быць моцнымі Богам, каб у сучасным свеце быць здольнымі выканаць даручаную Панам місію».

Пасля літургіі іерарх удзяліў благаслаўленне сем’ям і падзяліўся з прысутнымі вернікамі аплаткай.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме