Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: хрост Езуса — знак Яго жадання быць салідарным з кожным
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.01.2013 16:34

Ва ўрачыстасць Хросту Пана, 13 студзеня 2013 г., Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.

У гаміліі Мітрапаліт распавёў пра значэнне хросту Езуса ў водах Ярдана, які здзейсніў св. Ян Хрысціцель.

Як адзначыў арцыпастыр, хрост, які ўдзяляў святы Ян Хрысціцель, быў знакам пакаяння і навяртання. Яго прымалі грэшнікі, якія хацелі змяніць сваё жыццё і жыць паводле Божага закону.

На самой справе, працягваў Мітрапаліт, хрост не быў патрэбны Езусу, бо Ён быў сапраўдным Богам. Аднак Ён быў і сапраўдным чалавекам і пасля прыняцця хросту распачаў сваю публічную дзейнасць. Таму хрост Езуса — гэта «знак таго, што Ён хацеў быць салідарным з кожным чалавекам і хацеў паказаць, што сапраўднае жыццё — гэта не толькі жыццё цела, але і духа». Недастаткова, дадаў іерарх, толькі нарадзіцца фізічна, але трэба нарадзіцца і духоўна, што і адбываецца ў сакрамэнце хросту, які ўключае нас у Хрыста. Таму Езус разам з грэшнымі людзьмі ўваходзіць у воды Ярдана, каб прыняць з рук Яна Хрысціцеля хрост пакаяння і ўзяць на сябе чалавечыя грахі. Падчас хросту «натхнёны Духам Святым Ян Хрысціцель паказвае Яго людзям як Баранка Божага, які бярэ на сябя грахі свету».

Як дадаў Мітрапаліт, Езус Хрыстус, прымаючы хрост ад св. Яна Хрысціцеля, падтрымлівае яго місійную дзейнасць, якую яму даверыў Бог. Ян Хрысціцель павінен быў падрыхтаваць шлях прыходзячаму Збаўцу, «які не з’яўляецца палітычным ці эканамічным лідарам, але духоўным». Яго заданнем, адзначыў арцыпастыр, не было вызваліць габрэйскі народ ад рымскага рабства, але ад рабства граху. Менавіта таму св. Ян Хрысціцель называе Езуса Баранкам, які бярэ на сябе нашы грахі.

Хрост у Ярдане, падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, — гэта акт пацверджання, што Езус — Месія, якога ўпадабаў Бог, аб чым аб’явіў голас з неба.

Праз прыняцце хросту, па словах арцыпастыра, Езус паказаў, якім Месіяй Ён будзе. Ён ідэнтыфікуе сябе з церпячым слугой, аб якім нагадвае прарок Ісая. «Гэты прарок у адносінах да будучага Збаўцы выкарыстоўвае тыя ж самыя словы, якія прапануе нашай увазе сённяшняе Евангелле: „Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”. Калі да этых слоў дададзім словы св. Яна Хрысціцеля аб Езусе як Баранку Божым, які бярэ на сябе грахі свету, то, паводле думкі тэолагаў, хрост Езуса ў Ярдане — гэта антыцыпацыя хросту смерці ці хросту крыві на дрэве крыжа», — заўважыў Мітрапаліт.  

Дзякуючы хросту Езуса ў Ярдане, працягваў іерарх, чалавецтву была прадстаўлена таямніца Святой Тройцы — «Бог, які прамаўляе з нябёсаў, Езус, які прымае хрост, і Святы Дух, які ў вобразе голуба сыходзіць на Яго». Паводле хрысціянскай традыцыі голуб з’яўляецца сімвалам Духа.

«У традыцыі Старога Запавету голуб быў таксама сімвалам Выбранага Народу. Таму, будучы сімвалам Духа Святога, голуб таксама з’яўляецца сімвалам новай хрысціянскай эры, новага Божага Народу, новага Ізраэля, які жыве паводле духа Божага», — звярнуў увагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гэты народ, падкрэсліў Мітрапаліт, мы былі ўключаны падчас хросту. Сакрамэнт канфірмацыі «з’яўляецца як быццам дапаўненнем сакрамэнту хросту, калі Дух Святы сыходзіць на тых, хто яго прымае, і ўмацоўвае іх сваімі дарамі, каб у жыцці з яго цяжкасцямі і выпрабаваннямі сапраўды былі новым Народам Божым, якім кіруе Дух».

Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў тым, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, мудра карыстацца дарамі Духа Святога, каб быць сапраўднымі хрысціянамі, якія не толькі вуснамі вызнаюць веру, але і сведчаць аб ёй сваім жыццём.     

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме