Экуменічная малітва прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій адбылася ў мінскай архікатэдры | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.01.2013 22:31

19 студзеня ў мінскай архікатэдры адбылася экуменічная малітва прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. У набажэнстве ўдзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і іншых канфесій нашай краіны.

Экуменічная сустрэча, якая прайшла ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец. Гамілію прамовіў ксёндз Кірыл Бардонаў. «Мы, як тыя, хто паверыў у Хрыста, запрошаны імкнуцца да еднасці ўсіх хрысціянаў», — адзначыў святар, і, згадваючы пра тэму гэтага Тыдня малітваў — «Чаго ад нас чакае Бог?», — падкрэсліў, што Бог чакае менавіта паслухмянасці Яго Сыну.

Біскуп Казімір Велікаселец, звяртаючыся да вернікаў, нагадаў, што Бог у сакрамэнце Эўхарыстыі «пакінуў нам сябе — сваю любоў, святасць, мудрасць». Па словах іерарха, Хрыстус дапамагае нам, калі з верай, святасцю і любоўю прымаем Яго Цела. Чалавек «жыве не толькі целам, але і душой», і мы павінны «маліцца, каб вытрываць духоўна». «Малітва да Езуса і Маці Божай — тая сіла, якая ўмацоўвае нас супраць усіх спакусаў», — дадаў біскуп.

Пасля святой Імшы пачалося экуменічнае набажэнства. На яго пачатку быў унесены крыж — знак мукі і смерці Хрыста і знак нашага збаўлення. Затым прадстаўнікі розных канфесій прынеслі да крыжа запаленыя свечкі як сімвал малітвы аб адзінстве хрысціянаў.

Удзельнікаў набажэнства прывітаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх згадаў, што, мабыць, невыпадкова ў гэты дзень малітвы аб еднасці вернікі Усходніх Цэркваў, якія жывуць паводле юліянскага календара, святкуюць Хрост Пана. Мітрапаліт заклікаў прысутных шчыра маліцца аб тым, каб быць адзінымі з Езусам.

Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў: «Мы жывем у вельмі складаным свеце, і часта чалавек заняты рознымі справамі, думаючы, што робіць нешта важнае». Але галоўнае, па словах святара, — спыніцца і спытаць у сябе: «Чаго ад нас чакае Бог?» «Бог ёсць Любоў і перш за ўсё чакае ад нас любові», — адказаў протаіерэй Шымбалёў на гэтае пытанне. Любоў, дадаў святар, дасць нам мудрасць, бо «тады мы забудзем, што нас адрознівае, і будзем памятаць только аб тым, што аб’ядноўвае».

«Кожная канфесія мае багатую гісторыю, — звярнуўся да прысутных пастар Рэлігійна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў. — Нягледзячы на гэта, мы — браты і сёстры ў Хрысце». Прадстаўнік лютэранскай супольнасці заклікаў «шукаць, нягледзячы на адрозненні, тое, што нас аб’ядноўвае», бо «мы моцныя разам перад рознымі выпрабаваннямі і выклікамі» і «разам павінны супрацьстаяць граху ў гэтым свеце і несці святло Евангелля далей».

Па словах старшыні Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Германа Родава, «Бог чакае ад нас многага, але перш за ўсё — каб мы звярнуліся да Божага слова». «Бог чакае глыбокай веры, пачуцця ўдзячнасці, пазнання праўды Божай», — падкрэсліў прамоўца.

Епіскап Саюзу Цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў Аляксандр Фірысюк звярнуў увагу, што Хрыстус «заклікае нас не толькі называцца хрысціянамі, але і быць Яго свяцільнікамі». Як дадаў прамоўца, мы не можам быць абыякавымі да таго грахоўнага, што вакол нас, «разам удзельнічаем у гэтай вайне за выратаванне чалавека», і ў гэтай барацьбе «няма лішняга — мы маем патрэбу адзін у адным».

«Хрыстус кліча нас ісці за Ім, і на гэтым шляху свяцільнікам для нас з’яўляецца Божае слова», — адзначыў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Слова Пана, як дадаў архімандрыт, павінна «стаць для нас святлом і крыніцай Божай моцы для сумеснага сведчання пра Езуса Хрыста».

Нягледзячы на дасягненні ў галіне еднасці хрысціянаў, падзелы паміж імі ўсё яшчэ існуюць, — адзначыў у слове да прысутных Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Калі мы ўсе будзем імкнуцца да Бога, то, нягледзячы на адрозненні, будзем бліжэй адзін да аднаго», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што сённяшняя малітва аб адзінстве «павінна дапамагчы збурыць муры падзелаў».

«Калі здаецца, што ўсе высілкі дарэмныя, нельга апускаць рук, неабходна даверыцца Хрысту, які можа ўчыніць цуд», — нагадаў арцыпастыр. У імкненні да адзінства трэба «выйсці за „сваю агароджу“, успомніць, што іншыя хрысціянскія Касцёлы і супольнасці таксама здзяйсняюць дзеянні, якія (…) могуць абудзіць жыццё ласкі і адкрыць доступ да збаўлення».

Эўхарыстыя, адзначыў іерарх, «найбольш сутнасна выяўляе глыбіню падзелаў, бо мы не можам супольна яе цэлебраваць і прымаць», і гэта «павінна схіляць нас да большых высілкаў у імкненні да адзінства». І сённяшняя супольная малітва, падкрэсліў Мітрапаліт, сведчыць аб імкненні да гэтага адзінства. Аб гэтым сведчаць таксама 105-гадовая практыка такіх сустрэч, праца Тэалагічнай каталіцка-праваслаўнай камісіі, нядаўні Сінод Біскупаў у Ватыкане. Каб дасягнуць еднасці, адзначыў арцыбіскуп, неабходна «вандраваць разам з Хрыстом» — вандраваць, служачы і дапамагаючы іншым людзям, выбіраючы «тое, што нас аб’ядноўвае, замест таго, што раздзяляе».

Поўны тэкст слова Мітрапаліта>>>

Са словам да прысутных звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Арцыбіскуп скіраваў да вернікаў, якія сабраліся, каб прасіць у Бога бачнага адзінства хрысціянаў, шчырыя прывітанні ад папы Бэнэдыкта XVI.  

«Першае чытанне, якое паказвае даліну, поўную касцей, моцна прамаўляе да мяне, — сказаў прадстаўнік Святога Айца, нагадваючы аб чытанні, якое прагучала падчас набажэнства. — Менавіта гэтае чытанне я выбраў падчас маёй першай Імшы. На маю думку, вобраз мёртвага цела, разарванага на кавалкі і раскіданага па пустыні, якое Божым дыханнем, Божым Духам вяртаецца да жыцця, — менавіта гэты вобраз быў для мяне ідэалам, якому варта прысвяціць жыццё».

«Мне здаецца, што гэта Божы знак — пачуць ізноў гэты ўрывак з Бібліі тут, на беларускай зямлі, падчас малітвы за адзінства хрысціянаў, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Словамі Паслання да Габрэяў Бог кліча нас выйсці за лагер. Такім лагерам з’яўляецца нашая прадузятасць, высакамернасць, прэтэнцыёзнасць быць ужо збаўленымі, без тых, хто вызнае таго ж самага Хрыста».

Па словах арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, «кожны раз, калі ламаем хлеб і дзелім віно, мы перажываем надзею, якой супярэчыць і ад якой адракаецца нашае раздзяленне, так, як словы Пятра, які сказаў пра Езуса: „Я не ведаю гэтага чалавека“». «Для нас Эўхарыстыя — гэта прысутнасць Пана Езуса. У той самы час гэта і Ягоная адсутнасць, па нашай віне, з-за нашага раздзялення, — падкрэсліў Апостальскі Нунцый. — Нашае прапаведванне будзе поўным толькі тады, калі поўню еднасці верне сам Бог, калі Ён вернецца ізноў». «Спазіраць у бок Езуса, які вернецца ізноў, — няхай прынамсі гэта будзе нашай супольнай мэтай, калі мы не змаглі захаваць цэлым успамін Ягонага першага прыйсця», — пажадаў прадстаўнік Папы ўдзельнікам набажэнства.

Поўны тэкст слова Апостальскага Нунцыя>>>

Напрыканцы малітвы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў яе ўдзельнікам і арганізатарам, пажадаўшы, каб «еднасць, якой сёння былі напоўнены сэрцы ўдзельнікаў набажэнства, сапраўды была між хрысціянамі». На завяршэнне ўсе прысутныя разам праспявалі гімн «Магутны Божа».

Анастасія Грышан

 
© 2003-2020 Catholic.by