Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці лыжнай гонкі «Старт чыстых сэрцаў» (дададзена фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.01.2013 19:05

26 студзеня ў Фрунзенскім раёне Мінска на базе гімназіі №32 адбылася лыжная гонка «Старт чыстых сэрцаў» для дзяцей і моладзі, якія стаяць на ўліку ў міліцыі Фрунзенскага і Першамайскага раёнаў. Лыжню арганізавала Моладзевая місія «Чыстае сэрца» і Фрунзенскае раённае ўпраўленне ўнутраных спраў пры падтрымцы адміністрацыі раёна. У адкрыцці акцыі прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама ў акцыі, якая стала ўжо другой па ліку, удзельнічалі глава адміністрацыі Фрунзенскага раёна Барыс Васільеў і начальнік Фрунзенскага РУУС Алег Коваль.

У прамове падчас адкрыцця спаборніцтва Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў арганізатарам мерапрыемства і падкрэсліў, што гэта сумесная акцыя Каталіцкага Касцёла і РУУС з мэтай праз спорт дапамагчы падлеткам, якія патрабуюць спецыяльнай увагі, запоўніць вольны час з карысцю для іх здароўя, навучыць весці здаровы лад жыцця, паверыць у сябе і паспрыяць, каб яны знайшлі сваё месца ў грамадстве. Спорт, па словах арцыпастыра, дапамагае ў чалавечай фармацыі юнака, выхоўвае да адказнасці за распачатую справу, развівае пачуццё здаровага спаборніцтва з мэтай фізічнага і духоўнага ўдасканальвання.

Мітрапаліт нагадаў, што ў Святым Пісанні таксама ёсць звесткі пра спорт. Святы Апостал Павел параўноўвае жыццё чалавека з забегам на стадыёне. «Сапраўды, у сваім жыцці мы павінны ісці да яго мэты, — дадаў іерарх. — Для гэтага патрэбны як фізічныя, так і духоўныя сілы. А прыказка кажа, што ў здаровым целе здаровы дух».

Арцыбіскуп адзначыў, што Каталіцкі Касцёл падтрымлівае спорт і развівае яго. Так, у Апостальскай Сталіцы ёсць свая футбольная каманда. Спортам займаліся і займаюцца многія біскупы, святары і кансэкраваныя асобы. Папа Ян Павел II таксама быў добрым спартсменам і выдатна ездзіў на горных лыжах. Мітрапаліт дадаў, што і сам займаўся спортам, у тым ліку лыжным, і працягвае ім займацца.

Арцыпастыр выказаў надзею, што гэтая ініцыятыва знойдзе працяг у будучыні, і пажадаў дзецям і моладзі поспехаў у спаборніцтве, у якім, па словах іерарха, павінен дамінаваць алімпійскі прынцып: галоўнае не перамога, а ўдзел.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме