Вернікі мінскай парафіі парадавалі палякаў калядным мюзіклам | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.01.2013 16:01

Група моладзі з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) наведала ў студзені польскі горад Сандомеж. Беларускіх юнакоў і дзяўчат запрасіў з канцэртам рэктар мясцовай духоўнай семінарыі кс. Ян Бядрон.

Змясцілася моладзь у кляштары сясцёр cвятога Дамініка, сястра-настаятельніца якога гасцінна прыняла маладых спевакоў і арганізавала шэраг іншых выступленняў з іх удзелам у розных парафіях. Галоўнай жа пастаноўкай быў калядны мюзікл. Спачатку мюзікл некалькі разоў зладзілі на свята ў роднай парафіі, а потым павезлі ў Польшчу.

«Мы не ставім нейкі асаблівы акцэнт на прафесіяналізм нашых спеваў, тут значна важнейшая душпастырская праца, — так распачала аповед пра паездку ў Польшчу, а таксама асаблівасці душпастырскай працы з дзецьмі сястра Кацярына, якая кіруе групай моладзі пры парафіі. — Мая асабістая мэта — аб’яднаць моладзь, бачыць іх у касцёле, нечым зацікавіць, нешта для іх зрабіць. І я бачу, што тыя, хто спявае ў нас на працягу некалькіх гадоў у дзіцячым хоры, застаюцца ў касцёле, а потым становяцца сталымі парафіянамі, прыводзяць у касцёл сваіх дзетак. Хіба што гэта звязана з плёнам і малітвы, і песні, і своеасаблівай ахвяры».

Але чаму менавіта такі жанр, як мюзікл, вырашылі паставіць да Калядаў у парафіі на Залатой Горцы?

«Гэта была мая асабістая мара, — кажа сястра Кацярына. — Я даўно марыла, каб была ў нас цалкам спяваная пастаноўка на Божае Нараджэнне. І ажыццявіла гэтую маю мару Марыя Чарняўская. Яна падарыла нам і словы, і музыку. Я так мяркую, што гэта дар яе творчасці і для мяне ў тым ліку. Рэжысуру часткова ажыццявіла Марыя Скітовіч».

Працаваў з артыстамі і харэограф. Пастаноўку зрабілі яшчэ тры гады таму, у той час група дзетак ездзіла з ёю ў Бабруйск, у Баранавічы, і, безумоўна, паказалі мюзікл у сваёй парафіі. Сястра расказвае, што калі атрымала запрашэнне на канцэрт у Польшчу, то вырашыла, што павязуць менавіта гэты твор. Пераклад на польскую мову таксама атрымаўся.

«Калі глядзець на будучыню, то, безумоўна, можна было б зрабіць нейкія праграмкі з невялічкім аповедам і пра выступленне, і пра выступоўцаў. Таму што ўзнікала шмат пытанняў — што мы за група, як мы сябе акрэсліваем?» — адзначыла сястра.

Першае выступленне хору адбылося ў Тарнабжэгу (Вілёвец), пасля канцэрт прайшоў у Сандамежскай семінарыі. Затым у адзін дзень моладзь дала ажно два канцэрты — у Тарнабжэгу ў парафіі Божай Міласэрнасці і ў Сандомежы ў касцёле святога Якуба, дзе служаць айцы дамінікане. Дарэчы, выступленні беларускай моладзі не засталіся незаўважанымі ў тым ліку і сродкамі масавай інфармацыі. На вечаровым канцэрце ў парафіі Божай Міласэрнасці мясцовае тэлебачанне зрабіла запіс выступлення хору. «Дзеці вельмі стараліся, — кажа сястра Кацярына. — Хаця было трошкі цяжка, асабліва малодшым, бо гэта быў ужо трэці канцэрт на дзень».

Але ж не толькі спевамі была адзначана вандроўка ў Польшчу. Дзеці пазнаёміліся з такой славутасцю горада Тарнобжэг, як кляштар сясцёр дамініканак.

«Цяпер будзем рыхтаваць нешта новае, каб не стаяць на месцы, — кажа сястра Кацярына. — Безумоўна, кожная такая падрыхтоўка звязана з працай, з ахвяраваннем свайго часу, з доўгімі рэпетыцыямі, з адказнасцю. І, канечне, нашыя сустрэчы, нашыя падрыхтоўкі выхоўваюць. Тут ёсць і змаганні — з самім сабою, з рознымі абставінамі. У кожнага сваё жыццё, свае справы. Зноў такі тут гаворка ідзе пра ахвяру. І калі ўсё ўдаецца і мы робім чарговую пастаноўку,— гэта такая радасць, такі плён. Але самае галоўнае — гэта добрыя адносіны паміж дзецьмі, сяброўскія сувязі, якія завязваюцца на гады. Кожны бачыць, што побач з ім у касцёле сябар, і разам лягчэй ісці па жыцці, абіраць дарогу. І гэтыя сувязі абапіраюцца на самае галоўнае — на любоў і радасць жыцця з Панам Богам. Мая асабістая мэта — каб гэтыя дзеці, якія сёння спяваюць у нашым касцёле, захаваліся як супольнасць. Бо гэта сапраўды будучыня нашага касцёла…»

Эдуард Кобзік

 
© 2003-2020 Catholic.by