У чым тоеснасць манаскага жыцця? Сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.02.2013 17:58

Місіянеры Святой Сям’і з парафіі Св. Ганны ў Дзяржынску сёлета прымалі кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў іх «прафесійны» дзень. На супольную малітву на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам законнікі і законніцы сабраліся 4 лютага.

«Кансэкраваныя асобы праз шлюбы чыстасці, убогасці і паслухмянасці таксама асаблівым чынам ахвяруюць сябе Богу, каб служыць Яму, Касцёлу і людзям паводле харызмы сваіх заснавальнікаў. Уся гісторыя як Паўсюднага Касцёла, так і Касцёла ў  нашай краіне і яго адраджэнне пасля трох пакаленняў ганенняў звязана з ахвярным служэннем законнікаў і законніц, якім выказваю сваю глыбокую падзяку і прызнанне», — адзначыў у гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч.

Традыцыйна ў Дзень кансэкраванага жыцця падчас святой Імшы законнікі і законніцы ўрачыста аднавілі свае манаскія абяцанні.

Канферэнцыю да прысутных прамовіў а. Адам Самсэль MSF. У разважаннях святар абапіраўся на дакументы Касцёла і навучанні Папаў Рымскіх. У жыцці законніка і законніцы вельмі важным з’яўляецца руплівая лучнасць з Хрыстом. Манаскае жыццё, як адзначыў святар, з’яўляецца дарам, харызмай, якую Бог дае чалавеку і якою ён павінен дзяліцца з іншымі.

Акрамя гэтага а. Самсэль указаў на тое, што кансэкраваная асоба павінна дбаць пра ўласны прыклад і паставу, бо гэта больш дзейснае, чым рэалізацыя ініцыятываў, накіраваных на распазнанне паклікання маладымі асобамі.

Cвятар заклікаў прысутных паразважаць таксама над тоеснасцю законнікаў і законніц у Касцёле: «Праз кансэкрацыю чалавек становіцца новым чалавекам, які ўглядаецца ў Хрыста. Бог заклікае нас працягваць місію Хрыста, рабіць Яго прысутным у свеце праз нашае жыццё і дзеянні».

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by