Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
70 гадоў цуду ў вёсцы Вынішчы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.02.2013 11:57

Не ведаю дакладна, адкуль паходзіць назва вёскі Вынішчы, але некаторыя вяскоўцы кажуць, што, магчыма, і таму, што яе часта хацелі вынішчыць, але, дзякуй Богу, ніхто гэтага не зрабіў. У лютым 1943 г. вёска знаходзілася сярод двух агнёў: у лесе побач былі партызаны, а ў суседняй вёсцы Ленькі знаходзіўся нямецкі гарнізон. Партызаны доўга не чакалі: яны зрабілі дыверсію і забілі фашыстаў, што знаходзіліся ў дзоце. Ахвярай за такі іх крок павінны былі стаць вяскоўцы…

Самы радасны парафіянін

Ватан Лапковіч штогод разам з вяскоўцамі моліцца на месцы тых крыжоў (цяпер там устаноўлены новыя), дзе 70 гадоў таму, ён жа, будучы 18-гадовым юнаком, маліўся і прасіў Божай дапамогі аб выратаванні вёскі. Даведаўшыся, што фашысты спалілі суседнюю вёску Рудню, мясцовыя жанчыны загадалі мужчынам зрабіць прыдарожныя крыжы, а самі саткалі за ноч у «аброк» (ахвяру) Богу палатно ў 6 метраў. Менавіта гэтае палатно 19 лютага 1943 г. даручылі несці ў працэсіі Ватану Лапковічу. У той працэсіі асвяцілі крыжы, маліліся ля іх, а палатно занеслі ў тагачасны драўляны касцёл.

Цяпер спадар Ватан моліцца не толькі ля прыдарожных крыжоў, але і каля крыжа, што ў 1965 г. устанавіў каля касцёла ў памяць загінуўшым франтавікам. Ён сам паспеў яшчэ паслужыць на фронце, дзе, як упэўнены сам ветэран, ад смерці яго засцярог толькі Бог: увесь час у кішэні ён насіў абразок Дзіцятка Езус, які маці дала яму, калі той адпраўляўся на фронт.

«Я з гэтым абразком ужо 69 гадоў», — адзначае спадар Ватан, паказваючы маленькі пацёрты ад часу абразок.

Ветэрана Вялікай Айчыннай заўсёды можна ўбачыць у касцёле. Мясцовы пробашч а. Генрых Кучынскі называе яго самым радасным парафіянінам. Сапраўды, на твары гэтага ўжо далёка немаладога чалавека заўсёды зіяе ўсмешка.

Праўда застаўся ён ужо адзін: ад хваробы памёр сын, а некалькі гадоў таму памерла і жонка. Нягледзячы на гэта, ветэран не перастае радавацца жыццю, якое ён праводзіць з Богам.

70 гадоў цуду ў Вынішчах

Праз 70 гадоў, 19 лютага 2013 г., касцёл у Вынішчах быў напоўнены вернікамі. Большасць з іх яшчэ памятаюць тыя часы ці ведаюць па аповедах бацькоў. Дзень 19 лютага калісьці для вяскоўцаў быў выхадным днём, у які яны адпачывалі ад працы і разам хадзілі ў малітоўнай працэсіі да крыжоў.  Цяпер, праўда, яны і без выхаднога дня святкуюць: большасць ужо пенсіянеры, таму і ўдзень могуць сабрацца на малітву ў святыню.

Традыцыя прыдарожных крыжоў

Этнограф Міхась Раманюк адзначае: «Прыдарожны крыж заўжды ставiўся калектывам вёскi, i рытуал яго ўзвядзення ажыццяўляўся ў асаблiва ўрачыстай атмасферы. Яго ставiлi на скрыжаваннях дарог, пры дарозе, якая выходзiць з вёскi. Перш за ўсё ў крыжах знаходзяць адлюстраванне калектыўныя памкненнi сялянаў уратавацца ад бедаў ды нягодаў, якiя нясуць эпiдэмiя, стыхiя, вайна, пажар i многiя iншыя з’явы, што тычацца не аднаго чалавека цi адной сям’i, а ўсiх насельнiкаў вёскi».

Жыхары вёскі Вынішчы, напэўна, у тыя жудасныя дні не ўспрымалі крыж як нейкі абярэг. Крыжы — гэта іх просьба да Бога. І ў ім яны атрымалі жыццё і збаўленне яшчэ тут, на зямлі.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.