Прэс-канферэнцыя, прысвечаная абранню Папы, адбылася ў Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.03.2013 20:07

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная абранню новага Папы, адбылася 14 сакавіка ў мінскай мітрапалітальнай курыі. З прадстаўнікамі СМІ сустрэўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас прэс-канферэнцыі іерарх падкрэсліў важнасць для Касцёла падзеі абрання новага Наступніка святога Пятра. Арцыпастыр узгадаў пра цікавасць на працягу апошняга месяцу з боку ўсяго свету да сыходу Бэнэдыкта XVI са Святога Пасаду і да канклаву, распавёў пра сутнасць канклаву як абрання Рымскага Пантыфіка — у тым ліку пра цырымонію распачацця канклаву, яго ход, працэдуру галасавання. Удзельнікі прэс-канферэнцыі пачулі пра тое, калі можа збірацца канклаў, хто прымае ў ім удзел і колькі галасоў неабходна для абрання Папы.

Мітрапаліт дадаў таксама, што гэты канклаў быў даволі хуткім, і сённяшні Папа, якім стаў кардынал Хорхе Марыа Берголіа, быў абраны на другі яго дзень у 21.06 па беларускім часе.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў у некалькіх словах пра асобу новаабранага Пантыфіка, з якім меў магчымасць сустракацца некалькі разоў на пасяджэннях і Сінодах Біскупаў у Рыме. «Размаўляючы з ім, было бачна, што гэта чалавек вельмі пакорны, вельмі духоўны, чалавек малітвы, які цікавіцца жыццём Касцёла там, дзе Касцёлу найбольш складана, не імкнецца да зямной славы і мае на першым месцы Бога», — адзначыў іерарх. Кажучы пра свае ўражанні ад знаёмства з кардыналам Берголіа, Мітрапаліт заўважыў, што таго адрознівала прастата ў размовах, знаходжанне на роўных з суразмоўцам, лёгкасць у зносінах.

У пацвярджэнне гэтага Мітрапаліт нагадаў, што ў вечар свайго абрання папа Францішак з’явіўся ў лоджыі ватыканскай базылікі ў простай белай сутане без чырвонай пелерыны і са сваім ранейшым біскупскім крыжам, што ён папрасіў вернікаў маліцца за яго і патэлефанаваў адразу пасля абрання Бэнэдыкту XVI. Вельмі важныя, як дадаў Мітрапаліт, таксама словы Папы, што «з гэтага дня пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народам».

Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, сёння Касцёлу важна мець Пантыфікаў таксама нееўрапейскага паходжання, бо вялікую частку Касцёла складаюць лацінаамерыканцы, якія павінны займаць у ім належнае месца. Іерарх падкрэсліў, што ў Лацінскай Амерыцы імкліва развіваецца евангелізацыя, дабрачыннасць, але вялікія ў той жа час і праблемы беднасці, у сувязі з чым Касцёлу вельмі можа дапамагчы досвед новаабранага Папы, які паходзіць з Аргенціны.

У сувязі з іменем «Францішак», які абраў сабе новы Папа, Мітрапаліт нагадаў пра святога Францішка Асізскага і заклік адбудаваць духоўны Касцёл, які той аднойчы пачуў. Адбудаваць духоўны Касцёл — гэта, па словах арцыпастыра, задача і папы Францішка. «Зрабіць гэта можа чалавек глыбокай духоўнасці, прыхільнік традыцыйнага хрысціянскага вучэння, а менавіта такім ведаюць кардынала Берголіа», — патлумачыў іерарх, падкрэсліўшы, што ўжо ў першыя дні Пантыфікату гэтага Наступніка Пятра мы бачым яго як сапраўднага Слугу іншых людзей.

Між іншым, арцыбіскуп узгадаў і аб правільным напісанні імені новага папы Францішка: паводле інфармацыі Апостальскай Сталіцы, яно пішацца без лічбы І.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб чаканнях Касцёла ў Беларусі ў сувязі з абраннем новага Пантыфіка, іерарх адзначыў, што «першая задача, якая стаіць сёння перад Касцёлам, — новая евангелізацыя». Па словах арцыпастыра, «подых секулярызму прыходзіць і ў нашу краіну, і вопыт новаабранага Папы будзе вельмі карысным для Касцёла». Іерарх дадаў, што Касцёл у Беларусі вельмі чакае візіту Святога Айца і моліцца аб гэтым.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by