Імша за спачылую маці Апостальскага Нунцыя: любіце Касцёл, бо ён такі, як ваша маці | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2013 21:11

13 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася Імша за святой памяці Ілку Джаванну — маці Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый.

У Імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, мінскія вернікі.

Маці прадстаўніка Святога Айца адышла ў вечнасць 29 cакавіка, у Вялікую пятніцу, у Вероне (Італія).

На пачатку літургіі да Апостальскага Нунцыя звярнуўся Мітрапаліт Кандрусевіч. «Ваша мама адышла да Пана ў Вялікую пятніцу, каб сваімі цярпеннямі дапоўніць цярпенні Хрыста, — адзначыў іерарх. — Сімвалічна і тое, што яна спачыла ў дзень, калі Касцёл распачаў Навэнну да Божай міласэрнасці. Без Божай міласэрнасці, як кажа папа Францішак, свет бы не існаваў. Сёння мы хочам даверыць Вашу маці Божай міласэрнасці. Няхай яна спазірае з дому Нябеснага Айца і благаславіць Вас у служэнні».

«Я прагну, каб адзіным пачуццём, якое напаўняе маё сэрца сёння, была падзяка Богу за тое, што Ён даў мне маму», — сказаў у гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Я адзіны сын у сям’і, і ў мяне не было іншага выбару, чым жыць у цесным кантакце з маімі бацькамі, — падзяліўся прадстаўнік Святога Айца досведам са свайго жыцця. — Бацькі вучылі мяне першым малітвам, і нават сёння я карыстаюся малітвамі, якім мяне навучыла мама. Бацькі прынеслі мяне ў касцёл, каб ахрысціць, паспрыялі таму, каб я стаў міністрантам. Пасля яны былі са мной у святарстве, біскупстве».

«Сёння я скіроўваю сваю падзяку Касцёлу — бо якога ж іншага бацьку магла знайсці мая маці, калі яе роднага бацькі ўжо не было ў жывых, — дадаў Апостальскі Нунцый. — У Касцёле яна сустрэла сясцёр салезіянак, якія дапамаглі маёй маме адчуць сапраўдную любоў. Чым было б яе жыццё, калі б яна не спаткала любоў Касцёла? Яно было б падобна да пустых сетак, аб якіх гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі. Рыбы, якія апынуліся ў сетцы майго жыцця, былі там размешчаны менавіта Хрыстом праз дапамогу Касцёла».

«Штодзённа мая мама малілася ля фігуры Панны Марыі, дадаючы ў малітве: Маці Божая, не забудзься пра мяне, — працягваў арцыбіскуп. — І Маці Божая забрала яе да сябе ў той дзень, калі сама стаяла пад крыжам з прабітым сэрцам, — у Вялікую пятніцу». «Для мяне было вялікай таямніцай бачыць гэтую жанчыну, якая мела 99 гадоў», — прызнаўся іерарх.

«Мая маці хацела жыць, усімі сіламі трымалася за жыццё, нават калі яе цела было змучана, — сказаў Апостальскі Нунцый. —Гэта сведчанне для тых, хто не хоча жыць або не хоча дазволіць жыць іншым. Чалавек атрымаў дар жыцця ад Бога і ўсімі сіламі трымаецца за гэты дар». У сувязі з гэтым арцыбіскуп нагадаў пра з’явы абортаў і эўтаназіі.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці выказаў падзяку Касцёлу ў Беларусі, адзначыўшы, што ў дні пасля смерці сваёй маці адчуў прысутнасць і малітву Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і ўсёй беларускай каталіцкай супольнасці. «Вы сталі прыладай Божай міласэрнасці ў маім жыцці і жыцці маёй маці, — сказаў прадстаўнік Святога Айца, звяртаючыся да Мітрапаліта. — На яе магілу Вы прынеслі букет Вашай малітвы і любові, а разам з гэтым — букет малітваў усіх вернікаў Касцёла ў Беларусі. Я магу прасіць толькі: Божа, узнагародзь за гэтую дабрыню. І ты, мая мама, пазірай на Касцёл у гэтай краіне і на гэтага біскупа».

«Усё жыццё маёй маці і маё асабіста было пазначана шматлікімі канкрэтнымі знакамі любові Касцёла», — дадаў Апостальскі Нунцый. У сувязі з гэтым арцыбіскуп узгадаў словы свайго сябра-іерарха: «Любіце Касцёл, нават калі ён грэшны, калі вам здаецца, што Касцёл вас не разумее, бо Касцёл такі, як ваша маці».

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by