Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў з візітацыяй парафію ў Свіры і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.05.2013 21:31

З пастырскай візітацыяй 10–11 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў свірскую парафію Св. Мікалая, біскупа. У межах візіту іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 50 парафіянам.

У гаміліі падчас святой Імшы Мітрапаліт нагадаў значэнне Года веры, які католікі перажываюць зараз і мэтай якога з’яўляецца адраджэнне і ўмацаванне Божага дару веры, якая ў наш час падвержана многім выпрабаванням. Галоўнымі з іх арцыпастыр назваў адступленне ад веры і жыццё так, як быццам Бог не існуе; давер не Богу, а дасягненням навукі, тэхналогіі, культуры; спробы паслаблення маральных нормаў, распад сям’і і адмаўленне ад яе традыцыйнай мадэлі, сацыяльную несправядлівасць і многае іншае. «У той жа час вядома, што не адзіным хлебам жыве чалавек, і матэрыяльнага дастатку мала для дасягнення сапраўднага шчасця», — дадаў Мітрапаліт.

Іерарх падкрэсліў, што цяпер Касцёл перажывае асаблівы час паміж Унебаўшэсцем і Спасланнем Духа Святога і моліцца аб тым, каб сышоў Святы Дух і аднавіў аблічча зямлі. «Мы з’яўляемся сведкамі матэрыяльнага аднаўлення свету і нашай краіны. Лепшыя дарогі і машыны, прыгажэйшыя дамы, змяняецца сама якасць жыцця, хаця і застаецца многа праблем, — сказаў Мітрапаліт. — Мы ўспамнаем трагедыю ў Мінскім метро, якая адбылася два гады таму. У свеце таксама неспакойна: тэрарыстычныя акты, напрыклад у Бостане, грамадзянская вайна, напрыклад у Сірыі. А колькі людзей, асабліва дзяцей, памірае з голаду ў ХХ стагоддзі. Хрысціянства ізноў становіцца найбольш пераследуемай рэлігіяй. Гэты спіс праблем сучаснага свету можна працягваць доўга, і яны нагадваюць пра тое, што ён маральна хворы. Свет будзе такім, якімі будуць людзі, усе іншыя дасягненні – гэта толькі дадатак».

«Усё гэта азначае, што для сапраўднай змены і аднаўлення аблічча зямлі неабходна змена самога чалавека, умацаванне яго веры, каб жыў паводле яе і будаваў цывілізацыю любові і жыцця», — заўважыў іерарх.

«Сакрамэнт канфірмацыі якраз і з’яўляецца тым сакрамэнтам, які ўмацоўвае веру, каб мы былі яе мужнымі абаронцамі і сведкамі, — адзначыў арцыпастыр. — Сёння, у часы свабоды веравызнання, таксама неабходна бараніць веру. Ніхто нам не забараняе верыць, аднак чалавек сам адмаўляецца ад веры. Адмаўляючыся праслаўляць Бога, тым самым чалавек праслаўляе д’ябла, — як навучае папа Францішак. Іншыя кажуць, што нікому не чыняць нічога злога, нават калі п’юць, прымаюць наркотыкі, разводзяцца і г.д. На самой справе гэта зусім не так. Чалавек жыве не на бязлюдным востраве, але ў супольнасці іншых і ўплывае на іх. А Езус кажа, што лепей загінуць, чым згоршыць іншага чалавека».

«Сярод нас ёсць і такія, якія кажуць, што шукаюць Бога і сэнсу жыцця, але не могуць іх знайсці, — працягваў Мітрапаліт. — На гэтае пытанне трэба адказаць пытаннем: а ці ў іх сэрцах ёсць месца для Бога? Можа, іх сэрцы напоўнены па берагі іншымі клопатамі і пажаданнямі, і там няма месца Богу? Памылкова думаць, што Бог дзейнічае аўтаматычна. Бог, паважаючы свабоду чалавека, толькі прапануе яму сваю дапамогу. Усё залежыць ад самога чалавека, прыме ён яе ці не. Таму неабходна адвесці Богу месца ў нашых сэрцах — толькі тады Ён туды ўвойдзе».

Мітрапаліт заклікаў прымаючых сакрамэнт канфірмацыі адкрыцца на дзеянне Святога Духа, на супрацоўніцтва з Ім, станоўча адказваць на кожную Божую прапанову, бо «калі Бог штосьці прапануе, то чыніць гэта толькі для дабра самога чалавека». Іерарх павіншаваў тых, хто прыняў сакрамэнт, і пажадаў ім быць моцнымі сваёй верай і хрысціянскім сведчаннем, не паддавацца спакусам, якіх так многа ў наш час.

Пасля святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў дзяцей і асвяціў абраз Езуса Міласэрнага, які вернікі засвірскай парафіі, якую абслугоўвае пробашч са Свіры, падарылі для касцёла.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by