Дождж з ружаў у Мінску: рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус прыбылі ў архікатэдральны касцёл | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.06.2013 23:00

1 чэрвеня распачалася перэгрынацыя па Беларусі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча. У гэты дзень рэліквіі прыбылі ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Перад касцёлам рэліквіі сустрэлі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Архікатэдра прывітала рэліквіі сапраўдным дажджом з пялёсткаў ружаў. Пасля ўнясення рэлікварыя Мітрапаліт прамовіў перад ім малітву да св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, і рэліквіі адаравалі іерархі і святары.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў: «Сёння мы маем шчасце сустракаць рэліквіі святой Тэрэзы, каб маліцца і разважаць перад імі». Арцыпастыр заахвоціў вернікаў маліцца падчас літургіі за Касцёл у Беларусі, каб ён ішоў шляхам святасці, а таксама за дзяцей і моладзь, нагадаўшы, што сёння святкуецца Міжнародны дзень абароны дзяцей.

На святой Імшы прысутнічала духавенства абодвух абрадаў, айцы з супольнасці кармэлітаў босых, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры. Дзелячыся сваімі ўражаннямі ад гэтай гістарычнай падзеі, пасол сказаў, што ягонае сэрца, як і сэрцы шматлікіх вернікаў у нашай краіне, перапаўняе сёння вялікая радасць.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч раскрыў сутнасць жыцця святой Тэрэзы і сутнасць яе Малога шляху да святасці. Арцыпастыр нагадаў словы, якія былі дэвізам жыцця святой: «Маё пакліканне – гэта любоў». «Папа Пій ХІ у 20-я гады мінулага стагоддзя назваў святую Тэрэзу з Лізьё Малітоўніцай Расіі. Маючы на ўвазе тое, што тады Расіяй называлі ўвесь Савецкі Саюз, гэты тытул таксама смела можна адрасаваць і Беларусі. Таму сёння мы сустракаем рэліквіі святой Тэрэзы таксама як Малітоўніцы Беларусі», — адзначыў іерарх.

Кажучы пра прадстаўлены святой Малы шлях да святасці, Мітрапаліт звярнуў увагу на словы апостала Яна: «Бог ёсць любоў». «Святая Тэрэза з Лізьё, якую часта называюць Малой Тэрэзай, гэтую Любоў да канца палюбіла, — дадаў арцыпастыр. — Менавіта таму яна любіла паўтараць: „Маё пакліканне – гэта любоў“».

Палюбіўшы Бога да канца, святая Тэрэза «стала Божым дзіцём», а сутнасць яе Малога шляху «заключаецца ў абсалютным, дзіцячым даверы Богу, як найлепшаму Айцу», «стаўленні дзіцяці, якое з бязмерным даверам кідаецца ў абдымкі нябеснага Айца і ў іх застаецца назаўсёды». Паводле гэтага шляху «можна стаць святым, проста будучы дзіцём Божым, любячы Бога і людзей і адначасова не паддаючыся спакусам гэтага свету і пажадлівасці цела».

«Гэта найлепшы спосаб ажыццяўлення сцежкі святасці, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Ён не патрабуе чагосьці надзвычайнага. Святая Тэрэза прапануе вельмі простую дарогу да святасці, так што яе могуць выкарыстаць нават дзеці». Галоўным элементам на гэтым шляху «павінен з’яўляцца давер бацькоўскім рукам Бога, аж да такой ступені, каб стацца дарам для Бога і людзей». Найбольшая цяжкасць Малога шляху «заключаецца ў перамозе над сваім эгаізмам, адрачэнні ад пыхі і даверу толькі сваім сілам і магчымасцям».

«Выкарыстаем прадстаўленую нам Божым Провідам магчымасць, — заахвоціў вернікаў Мітрапаліт. — Звернемся да Бога праз заступніцтва святой Тэрэзы з Лізьё, выкарыстаем яе Малы шлях да святасці і кінемся ў абдымкі Бога, а дождж ружаў Божай ласкі спадзе на нас і адновіць нашу веру, каб мы былі дасканалымі, як дасканалы наш нябесны Айцец».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Напрыканцы святой Імшы яе ўдзельнікі прамовілі Літанію да Маці Божай (Ларэтанскую). Пасля літургіі кожны меў магчымасць падысці да рэлікварыя і ўшанаваць святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус.

Вернікі на каленях падыходзілі да рэлікварыя, каб ушанаваць святую, якая сваё пакліканне знайшла ў тым, каб у сэрцы Касцёла быць любоўю. У малітвах людзі звярталіся да святой Тэрэзы, просячы яе заступніцтва і дапамогі ў жыцці, прычым у многіх на вачах блішчалі слёзы. Няхай жа добры Бог выслухае ўсе гэтыя просьбы і праз заступніцтва святой Тэрэзы спашле з неба, нібы пялёсткі райскіх ружаў, дождж сваіх ласкаў.

Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У 15 гадоў здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.

Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кнізе «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой Малы шлях да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяру за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу Доктарам Касцёла.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by