Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў Імшу ў магілёўскім катэдральным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.03.2014 14:14

2 сакавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі святой Імшой пачаў сваё біскупскае служэнне ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. У Імшы ўдзельнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад Імшой Мітрапаліт прадставіў вернікам біскупа Юрыя Касабуцкага, які добра вядомы магіляўчанам, бо як святар служыў там у 1996-1997 гг. Арцыбіскуп нагадаў таксама, што магілёўская катэдра як біскупская сталіца займае вельмі важнае месца ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў нашай геапалітычнай прасторы. Менавіта Магілёўская мітраполія ў свой час была самай вялікай тэрытарыяльна ў свеце, бо распасціралася ад берагоў Балтыкі да берагоў Японскага мора ажно да Далёкага Усходу. У ёй, па словах іерарха, служылі біскупы і святары, што былі мучанікамі і сведкамі веры. Цяпер, адзначыў Мітрапаліт, насталі іншыя часы, але “неабходна бараніць веру, бо сучасны чалавек больш увагі прысвячае матэрыяльным каштоўнасцям, чым Богу”.

Арцыпастыр заклікаў вернікаў маліцца за біскупа Юрыя Касабуцкага, каб ён мог годна выканаць заданні, пастаўленыя перад ім Богам.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на чытаннях Імшы, якія нагадваюць пра неабходнасць больш увагі звяртаць на духоўныя справы, чым на матэрыяльныя. Біскуп прывёў прыклад са Старога Запавету, калі габрэі ішлі з егіпецкай няволі ў Зямлю абяцаную, зазначыўшы, што калі яны давяралі Богу, усё было добра, калі ж не – ім было цяжка, але калі ізноў звярталіся да Бога, то Ён благаслаўляў іх. Так, па словах іерарха, трэба рабіць і сёння - давяраць Богу, каб быць шчаслівымі.

Падчас Імшы вернікі маліліся ў інтэнцыі мірнага вырашэння крызісу ва Украіне.

Напрыканцы літургіі дзеці, моладзь і старэйшыя парафіяне павіншавалі свайго былога вікарыя, а цяпер біскупа Юрыя Касабуцкага, пажадаўшы яму і Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу Божага благаслаўлення.

На заканчэнне Імшы Мітрапаліт звярнуўся да прысутных з заклікам маліцца аб шчаслівым вырашэнні ўкраінскага крызісу. “Украіна - гэта наш блізкі паўднёвы сусед, - адзначыў іерарх. - З ёй нас яднае багатая і часамі таксама трагічная гісторыя, блізкасць мовы і культуры, роднасць сувязяў і хрысціянская вера”. Па словах арцыпастыра, сімвалічна, што Магілёў і Кіеў, а таксама Беларусь і Украіну “яднае тая ж самая рака - магутны Днепр”. “Мы ўсе ахрышчаны адным хростам, у якім вада дзейнасцю Духа Святога ўчыніла нас дзецьмі Божымі і членамі Хрыстовага Касцёла, - дадаў арцыбіскуп. - Незалежна ад абраду ці традыцый мы, у сваёй большасці, з'яўляемся хрысціянскімі народамі”.

Мітрапаліт заклікаў вернікаў маліцца, каб усе задзейнічаныя ў канфлікце бакі, як члены адной хрысціянскай сям'і і людзі добрай волі, “нягледзячы на розныя традыцыі і мовы, шляхам дыялогу вырашалі ўзнікшыя праблемы”, “каб мір запанаваў на ўкраінскай зямлі”, “каб была захавана годнасць кожнага чалавека і яго правы”. “Божа, благаславі Украіну!” – такімі словамі завяршыў свой зварот да вернікаў іерарх.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.