Повязь часоў: хрост на Сарафінавай гары на месцы разбуранай святыні | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.06.2014 17:31

Недалёка ад в.Суцін Пухавіцкага раёна, на месцы разбуранага напярэдадні Другой сусветнай вайны касцёла, ва ўспамін св. Антонія Падуанскага вернікі з Мар’інай Горкі, ваколіц Суціна і Талька, разам з кс. Генрыхам Кучынскім і кс. Гжэгожам Балеста сабраліся на супольную малітву. На святой Імшы быў удзелены сакрамэнт хросту дзецям, продкі якіх былі ахрышчаны ў часы, калі тут узвышаліся драўляныя сцены пабудаванай на фундуш Казіміра і Бэнэдыкты Янішэўскіх, велічнай святыні.

«Святое месца пустым не бывае»

 

 

На Сарафінавай гары, дзе «прырода дужа багатая. Кветкі, зёлкі — такіх нідзе няма! — усялякія ягады, грыбы ў наваколлі», як распавядае Ада Мікалаеўна Міхневіч, ураджэнка в. Блуж, верніца з той мясцовасці, стаяў калісьці драўляны касцёл, які разабралі ў 1938 годзе.

Па словах яшчэ аднаго жыхара, Яна Віктаравіча Корзюка, 1925 года нараджэння, лёс касцёла быў такі: «перавезлі яго ў Суцін, на лазню быццам, склалі зруб, але чамусьці не накрылі. Так прастаяў гэты зруб без даху некаторы час, а тут і вайна пачалася. Не зрабілі лазню, людзі расцягалі бярвенні — і ўсё».

Усё, ды не ўсё. Хоць на тым месцы, дзе стаяла высокая і вельмі прыгожая святыня, а вакол раслі акацыі і побач стаялі два дамы для святароў, пасля ліхіх часоў засталася толькі яма, якую загадалі засыпаць, месца не згубіла сваёй святасці і велічы.

Усе гады сюды, на самы поўдзень Пухавіцкага раёна, дзе раскінуліся рэкі Таль і Пціч, недалёка ад в. Суцін, да Сарафінавай гары ў хваёвым лесе прыязджалі і прыязджаюць святары ці з Мінска, ці з Бабруйска, ці з Асіповіч. Пасля малітвы людзі расцілаюць «на гары» абрусы, як «абрусы-самабранкі», і святкуюць.

Лёс будынку святыні напаткаў сумны канец, а вось святога месца - мае светлы працяг, жыве надалей, дзякуючы ўважлівым вернікам і святарам.

«Святое месца пустым не бывае» — кажа мудры народ, і Сарафінава гара гэтаму чарговае пацвярджэнне.

Нашы дні — наша сённяшнясць

 

У нашы дні на месцы касцёла зладжана драўляная паветка і лавы. На гары глядзіць у неба крыж, які ўсталяваў на ўласныя сродкі разам з паветкай бізнэсовец з в. Дружнае Віктар Тарасевіч. На могілках вакол месца былога касцёла працягваюць хаваць сваіх нябожчыкаў католікі, якіх называюць «суцінскімі палякамі» праваслаўныя жыхары мясцовасці.

І ў гэтым годзе ў чарговы раз 13 чэрвеня вернікі разам са святаром кс. Генрыхам Кучынскім з Мар’інай Горкі і кс. Гжэгожам Балестам з Лебедзева сабраліся на святой Імшы.

 

Кс. Генрых Кучынскі, які цэлебраваў Імшу, прамовіў вельмі проста і зразумела гамілію, напрыканцы якой прыгадаў адзін выпадак з вучобы ў семінарыі:

«Калі я вучыўся на 6-ым курсе, то адзін вельмі паважаны прафесар запытаўся ў нас семінарыстаў: якім павінен быць добры святар? Мы адказвалі рознае: каб добрыя казанні меў, каб выглядам сваім нікога не пужаў, спяваў добра і яшчэ шмат чаго пералічввалі, нарэшце, і бацькоў прыкладных узгадалі, а ён і кажа: «Не гэта асноўнае, але тое, што ён найперш павінен быць ахрышчаны». У народзе казалі і дагэтуль пачуць можна: «Дзіця неахрышчанае — не пад Богам ходзіць».
Гэты момант гаміліі, пра важнасць хросту, якраз і падводзіў да наступнага важнага моманту — удзялення Сакрамэнту, які ўжо праводзіў кс. Гжэгож Балеста хлопчыку і дзяўчынцы, для якіх удзяленне хросту менавіта ў гэтым месцы было невыпадковым.

Гісторыя драўлянай святыні пераплятаецца з лёсам ахрышчаных Андрэя Ясімчыка і Алены (Ганны — па хросце) Бернштэйн, таму што калісьці на гэтым месцы, але ў будынку касцёла, былі ахрышчаны іх продкі.

Хрост здавён у беларусаў меў вялікае значэнне, з’яўляўся і з’яўляецца падзеяй. Жаданне ахрысціць сваіх дзяцей на тым месцы, якое было значным месцам для іх дзядоў — яскравае сведчанне таго, што людзі імкнуцца захаваць повязь з мінулым, з гісторыяй.

 

 

Сузіранне ў мінулае дзеля будучыні: слова пра гісторыю паўстання святыні

Повязь мінулага з сучаснасцю дзеля будучыні заўсёды мацуе пакаленні, і гэты працэс, заведзены аднойчы, цягнецца праз вякі.

Гэтая повязь — як нешта высокае і сакральнае, як імкненне быць з Богам і атрымаць Божае благаслаўленне, напэўна, рухаў і ўладальнікамі маёнтка Мацеевічы Казімірам і Бенядзіктай Янішэўскімі, якія падпісалі фундушавы запіс на заснаванне касцёла св. Антонія на Сарафінавай гары аж у далёкім 1762 годзе, яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, якой праз дзесяць год чакаў першы раздзел, крок да вялікага падзення.

Сужэнства не мела ўласных дзяцей, каб перадаць ім уласную маёмасць, таму «просячы літасці ў Пана Бога за грахі нашыя і жадаючы, каб Хвала Яго Прасвятая распаўсюджвалася, не былі нікім угавораны і ні за якія ўзятыя грошы, але з чыстага імкнення да Хвалы Божай, выбраўшы для сябе апекуном Святога Антонія Падуанскага, аддаўшы сябе ў вечную абарону гэтаму Святому, пабудавалі мы ў згаданым маёнтку нашым Мацеевічах пад імем гэтага Святога драўляны касцёл і кляштар, у якім жадаем, каб вечныя часы былі тры святары са служкам чацвёртым і арганістам пятым, а таму маем мы намер зрабіць для іх фундуш».

Апрача таго сужэнства перадавала ўсю маёмасць, якая ім належала, а ўзамен складала пэўныя абавязкі для святароў, адным з якіх было годнае пахаванне грэшных цел пад парогам касцёла, «не ў трунах багатых, а ў зямлі ў дзяружных кашулях і ў рызах, як нявартых тэрцыяраў і прынятых да заслугаў Святога Сарафіна, Патрыярха нашага Ордэна, у трунах простых, бедных, без усялякай раскошы, катафалкаў, свечак, лямпаў, але згодна з абрадам рымска-каталіцкім, справіўшы імшу з усімі святарамі, колькі іх тады знойдзецца, а пасля пахавання накормяць і напояць усіх бедных і духоўных», як падаецца гэта на старонцы talka.info, дзе змяшчаюцца матэрыялы прысвечаныя слаўнай гісторыі Суціна і тых ваколіц.

Самыя пачаткі заснавання касцёла натхняюць сучаснікаў, якія, бачачы памылкі бліжэйшай мінуўшчыны, імкнуцца выправіць і даць адраджэнне будучыні.

Аксана Ючкавіч
 
Фота Аляксандры Шчыглінскай 

 
© 2003-2024 Catholic.by