Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я люблю ламаць стэрэатыпы»: пра дактарантуру ў свецкай ВНУ распавядае кс. Уладзіслаў Завальнюк
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.01.2015 11:31

У студзені заканчваецца не толькі літургічны перыяд Божага Нараджэння, але і сесіі ў студэнтаў. У адным з мінулых матэрыялаў мы ўжо распавядалі, як даецца вучоба ў свецкіх ВНУ святарам і кансэкраваным асобам. Але адна рэч — завочнае аддзяленне бакалаўрыяту, і зусім іншае — аспірантура.

Пробашч парафіі Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк у гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by распавядае пра вучобу ў аспірантуры БДПУ імя М. Танка, тэму доктарскай працы і пра тое, як падаваў дакументы ў праваслаўную акадэмію ў Расіі.

«Калі я прыйшоў вучыцца, у студэнтаў быў маленькі шок»

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прыгадвае, што перад паступленнем у аспірантуру БДПУ імя М. Танка наведваў адмысловыя падрыхтоўчыя курсы пры ўніверсітэце. Калі ён упершыню зайшоў у аўдыторыю да слухачоў курса, то студэнты былі ў невялікім шоку ад таго, што з імі будзе вучыцца сапраўдны святар.

«Даводзілася чуць і пытанні кшталту “чаму Вы не пайшлі ў “свае” ўніверсітэты — тую ж французскую Сарбону”?», — гаворыць пробашч Чырвонага касцёла.

«Я люблю ламаць стэрэатыпы, — усміхаецца кс. Завальнюк. — Таму і сваю кандыдацкую дысертацыю я пісаў у свецкай ВНУ. Абарона прайшла паспяхова, сёння я — кандыдат гістарычных навук».


Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прызнаецца, што яго сцяжынка ў навуку магла скласціся і па-іншаму. У свой час, ужо будучы каталіцкім святаром, ён падаваў дакументы ў магістратуру Маскоўскай праваслаўнай духоўнай акадэміі, куды яго з благаслаўленнем накіраваў святой памяці кардынал Юліянс Вайводс.

«Маскоўская духоўная акадэмія — вельмі цікавая ўстанова (напрыклад, патрыстыку там выкладаюць езуіты), — дадае святар. — Яна дастаткова вядомая і мае аўтарытэт. Вучоба там была б пэўным выклікам для мяне. Найбольш мяне цікавіў адукацыйны працэс і стасункі з братамі праваслаўнымі».

Сам кардынал Яніс Пуятс параіў святару схадзіць на прыём да Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта і заручыцца падтрымкай перад паступленнем. План спрацаваў, але адказу давялося чакаць каля чатырох месяцаў.

«Мяне не ўзялі, — гаворыць кс. Уладзіслаў. — Напісалі, што — прабачайце, але як каталіцкаму святару вам лепш было б паступаць у інстытуты ў іншых краінах… Мітрапаліт Філарэт раіў не губляць надзеі. Але на гэтым мая гісторыя з Масквой скончылася, і неўзабаве я паступіў на біблійнае аддзяленне Тэалагічнай акадэміі ў Варшаве».



У Варшаве кс. Уладзіслаў Завальнюк пісаў ліцэнцыят па гісторыі абраза Маці Божай Будслаўскай. Гісторыі ў тым ліку і Будслаўскага санктуарыя была прысвечана і кандыдацкая дысертацыя святара, якую ён паспяхова абараніў у педагагічным універсітэце ў Мінску.

Свецкая дактарантура кс. Уладзіслава

«Гістарычнае не павінна паміраць, — упэўнены святар. — Калі да яго дакрануцца, яно дапаможа ажывіць і ўваскрасіць забытае раней».

Як прызнаецца сам святар, абодва напрамкі — абраз Маці Божай Будслаўскай і гісторыя будслаўскага касцёла — і сёння знаходзяць у яго «даследчы апетыт». Для доктарскай жа працы святар вырашыў шукаць новую тэму.

«Я разумеў, што рашыся я на доктарскую, мне патрэбна сур’ёзная тэма. І я яе знайшоў! Гістарыяграфія посту. Я хачу прасачыць гістарыяграфію посту, пачынаючы ад пірамід Хеопса да сённяшняй медыцыны. У сваёй працы пастараюся пазбегнуць перадузятасці — маўляў, без медыцынскай адукацыі, а за такую тэму ўзяўся. Таму маімі рэцэнзентамі будуць таксама і ўрачы», — падміргвае святар.

«Я яшчэ на сярэдзіне шляху, — дадае кс. Уладзіслаў. — Галоўнае, што тэма зацверджана на кафедры і я над ёй ужо працую».

Свае словы святар пацвярджае справай: ксёндз Уладзіслаў Завальнюк падрыхтаваў 8 публікацый з патрэбных 15. Настроены ксёндз рашуча: ужо выдаў некалькі кніг па тэме дысертацыі.

Гутарыў Ілья Лапато,
фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.