Штогадовыя ўрачыстасці св. Антонія прайшлі на Серафінавай Гары каля Суціна | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.06.2015 12:17

13 чэрвеня штогадовыя ўрачыстасці св. Антонія на Серафінавай Гары каля Суціна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) сабралі мноства вернікаў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Як і кожны год, у аддаленым лясным кутку Пухавіцкага раёна сабраліся вернікі, каб памаліцца аб вечным супакоі пахаваных тут продкаў і ўшанаваць памяць апекуна гэтага месца.

Раней на Серафінавай Гары стаяў касцёл святога Антонія, куды прыходзілі вернікі, просячы Бога аб благаслаўленні сваіх сем’яў, аб адкупленні грахоў, а таксама молячыся за памерлых родных, пахаваных на парафіяльных могілках. Святыня была знішчана ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, а могілкі дзейнічаюць і сёння, таму людзі вандруюць сюды па-ранейшаму.

Нядаўна на месцы былога касцёла стараннямі парафіян была пабудавана  невялікая, але прыдатная для адпраўлення літургіі павета, быў пастаўлены крыж і зроблены з дошак лаўкі.

У святой Імшы, якая пачалася, як заўсёды, у 11 гадзін, прынялі ўдзел каля 200 вернікаў розных узростаў. Пасля адбылося ўрачыстае асвячэнне і ўшанаванне новага прыдарожнага крыжа. Сабраныя з вялікай пашанай і павагай ушанавалі святы знак адкуплення.

Затым цяжкі дубовы крыж прысутныя мужчыны занеслі і ўсталявалі на месцы, дзе ад трасы Талька-Суцін адыходзіць амаль непрыкметная лясная дарожка да Серафінавай Гары. Раней жадаючыя трапіць на могілкі у Серафін часам не заўважалі гэтага адгалінавання і праязджалі міма, цяпер жа дзякуючы дастаткова высокаму крыжу збіцца з дарогі будзе практычна немагчыма.


кс. Генрых Кучынскі, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by