Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як біскуп атрымлівае свой герб? Распавядае біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.06.2015 12:53

«Кожны біскуп сам вызначае тэалагічную і сімвалічную сутнасць свайго герба», — распавёў Catholic.by новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі па тэлефоне. Аднак геральдыка — навука пра гербы — мае свае правілы і амаль тысячагадовыя традыцыі, якія нельга парушаць. Чаму яна дагэтуль важная для Касцёла?

Касцёльная геральдыка, то бок гербы біскупаў і кардыналаў, дыяцэзій, манаскіх ордэнаў і іншых інстытутаў, узнікла прыкладна ў ХІ стагоддзі, тады, калі сталі фармалізоўвацца і свецкія гербы і сімвалы — найперш шляхецкія.


Герб Папы Мікалая V (1447-1455).

У гэтых абставінах шчыты і сцягі з сімволікай Касцёла дэманстравалі не толькі тое, што просты селянін ці рыбак на службе Хрысту можа стаць нароўні ці нават вышэй за ганарлівага рыцара, князя, караля ці імператара. 

Гербы, найперш герб Папы, адначасова сведчылі і пра незалежнасць Касцёла ад любых зямных уладык і дзяржаў. На пячатках яны ж сведчылі сапраўднасць дакументаў — тэалагічных, юрыдычных і дыпламатычных.

У ХVII стагоддзі касцёльная геральдыка набыла сістэмнасць — была ўтвораная агульная схема, згодна з якой, напрыклад, кожны біскуп атрымлівае герб пад характэрным зялёным капелюшом, а кардынал — пад чырвоным. Да 1960 г. пры Рымскай Курыі працавала Геральдычная камісія, якая кантралявала стварэнне і змены ў гербах прэлатаў.


Герб арцыбіскупа-мітрапаліта Мiнска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

Зараз існуюць асобныя аўтарытэтныя геральдысты — спецыялісты па геральдыцы — якія дапамагаюць ва ўтварэнні гербаў, перакладаючы гісторыю, вобразы і думкі на мову сімвалаў.

«Ведаючы італьянскую мову, я звярнуўся да італьянскага геральдыста, якога мне параілі. Ён склаў мой герб у адпаведнасці з традыцыяй каталіцкай геральдыкі, адлюстраваўшы ў ім вызначаныя мною сэнсы», — кажа беларускі біскуп намінат.

Нагадаем, што 27 чэрвеня адбудзецца біскупскае пасвячэнне кс. Аляксандра Яшэўскага SDB. У гэты ж дзень Catholic.by апублікуе герб новага біскупа і распавядзе пра ягонае значэнне.

Аляксандр Гелагаеў 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.