Першая раніца пілігрымкі «Мінск-Будслаў»: у вёсцы Вішнёўцы пануе баявы пілігрымскі дух | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.06.2015 12:33

30 чэрвеня — першая раніца пілігрымкі «Мінск-Будслаў» у вёсцы Вішнёўка. Усё па традыцыі распачалося святой Імшой, на якой ваяўнічы дух пілігрымаў абудзіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У ранішні апошні дзень чэрвеня пілігрымаў «Мінск-Будслаў» вітаюць дамы і краявіды вёскі Вішнёўка. Вясковая школа, якая стала традыцыйным прытулкам для падарожнікаў да Маці Божай Будслаўскай, а таксама прышкольная тэрыторыя — пляцоўка для намётаў, мігцяць колерамі пілігрымкі. Таксама прыемна гудзе адна мелодыя, якую разам складае малітва на брэвіярыі тэрцыяраў-дамініканаў, ранішняя малітва семінарыстаў, рэпетыцыя хору, ранішнія прывітанні і размовы: «А як яно спалася на цвёрдай падлозе ці зямельцы?», ціхія воклічы ад першых мазалёў.

Раніца ў Вішнёўцы для пілігрыма распачынаецца святой Імшой, якую ўжо каторы год узначальвае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Палявыя ўмовы для Эўхарыстыі: алтар без абруса, замест лавак — каляровыя карыматы, крыж, які аздоблены каласамі, лёгкая стомленасць і прыгожая мэта — дайсці да Маці Божай, а падчас шляху зразумець нешта большае ў сваім жыцці, прыняць важнае рашэнне, даручыць у малітве сваю радасць і боль.

«Сёння, дарагія пілігрымы, вы начавалі ў гэтай школе ў вёсцы Вішнёўка», — прывітаў пілігрымаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дадаўшы, што варта вяртацца ў школу нават пасля таго, як яе даўно скончыш, параўнаўшы і пілігрымку са школаю жыцця.

У такім выпадку словы святароў, сведчанні, канферэнцыі — гэта як урокі, якія чалавек дадаткова перажывае ў сваім жыцці. І школа пілігрымкі існуе для таго, як адзначыў арцыбіскуп, каб умацаваць нашу веру, якая часам, на жаль, толькі тлее.

Прыгадваючы Евангелле пра буру на моры, падчас якой апосталы вельмі спужаліся, Мітрапаліт адзначыў, якім згубным з’яўляецца сумнеў.

Як зразумець сумнеў апосталаў, вопытных рыбакоў, з якімі быў Езус, які, аднак, спаў падчас буры? Дакладна толькі тое, што сумнеў вынікае з малой веры.

«Мы называем сябе веруючымі, але калі мы сустракаемся з выпрабаваннем і небяспекай, то часта нам становіцца боязна. Чаму? Бо наша вера слабая, як гэта было ў апосталаў. Падчас гэтай пілігрымкі, прызнаючы слабасць нашай веры, звяртаемся да цябе, Маці Божая Будслаўская, дапамажы нам, каб мы мелі ў сабе сілы ўсклікнуць: «Пане, дапамажы майму нявер’ю», і станецца цуд нашага навяртання», — дадаў напрыканцы гаміліі арцыпастыр.

Тэкст гаміліі цалкам»»

Таксама ў пілігрымцы «Мінск-Будслаў» невялікае папаўненне — далучыліся новыя ўдзельнікі з Расіі, з горада Арла.

Пасля благаслаўлення пілігрымы і іх кіраўнікі пайшлі падмацавацца сняданкам, які гатуецца на спецыяльнай палявой кухні.

Сталыя пілігрымы ведаюць, што іх чакае то грэчневая каша з тушонкаю, то бульба, то макароны, ды гарачая салодкая гарбата, якая ў спёку ахалодзіць, а калі прахалода — абагрэе.

Палявыя ўмовы, палявая кухня, палявы алтар, палявыя святары…

Нешта накшталт войска, дзе ўсе пілігрымы — што салдаты, якія змагаюцца, праўда, за Нябесную Айчыну для сваёй душы.

А толькі каша застаецца кашай, як прыгадаў вядомую показку арцыбіскуп: «Ваша каша — радасць наша».

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2021 Catholic.by