У Магілёве адбылося прадстаўленне новапрызначанага бiскупа Аляксандра Яшэўскага SDB (+фота) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.07.2015 15:37

5 лiпепя ў магiлёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi i св. Станiслава адбылося прадстаўленне новапрызначанага дапаможнага бiскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, якi рашэннем Папы Францiшка будзе адказны за пастырскую дзейнасць у Магiлёве i Магілёўскай вобласцi.

У катэдры адбылася ўрачыстая святая Iмша з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, дапаможнага біскупа архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, святароў i кансэкраваных асобаў Магiлёўскай вобласці, а таксама святароў-гасцей з Беларусi. На Імшы прысутнічалі вернiкi з многiх парафiй Магiлёўскай вобласці i прадстаўнiкi мясцовых уладаў.

Iмшу распачаў Мiтрапалiт Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўступным слове іерарх прадставiў прысутным новага бiскупа i прыгадаў гiсторыю славутай i надзвычай заслужанай у справе евангелiзацыi як усходнiх тэрыторый Беларусi, так і тэрыторый, якiя знаходзяцца далей на ўсход аж да Японскага мора, Магiлёўскай архiдыяцэзii. У свой час тэрытарыяльна яна была самай вялiкай дыяцэзiяй у свеце.

“Доўгiя дзесяцiгоддзi ганенняў на Касцёл не прайшлi бясследна, i дыяцэзiя перажыла духоўны Чарнобыль. Час, у якiм мы цяпер жывём, з’яўляецца часам адраджэння Касцёла ў Беларусi, аб чым вельмi добра сведчаць учарашнія ўрачыстасцi ў Будславе, у якiх прыняло ўдзел каля 30-35 тысяч чалавек, 10 працэнтаў з якiх прыйшло ў Будслаўскi санктуарый пешшу, - сказаў Мітрапаліт. - Гэта была сапраўдная манiфестацыя нашай веры. У гэтым духоўным адраджэннi нашай Бацькаўшчыны прымае ўдзел i Магiлёўшчына. Каб гэты працэс быў больш дынамiчным i таксама для развiцця больш канструктыўнага дыялогу з грамадствам Папа Францiшак прызначыў бiскупа Аляксандра Яшэўскага, каб наступнiк апосталаў быў блiжэй да людзей i мог непасрэдна прымаць удзел у вырашэннi праблем гэтагага рэгiёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі”.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што функцыi яго прадстаўнiка ў гэтай велізарнай частцы архідыяцэзіі ў апошнi год выконваў біскуп Юрый Касабуцкi, якому Мітрапаліт шчыра падзякаваў.

Звяртаючыся да біскупа Аляксандра Яшэўскага, Мітрапаліт сказаў, што вельмi цешыцца яго прызначэннем, бо ён становiцца бiскупскiм выкарыем Мітрапаліта на “любай i шматпакутнай зямлi Магiлёўшчыны, на якой, нарэшце, будзе пастаянны наступнiк апосталаў”.

“Глыбокапаважаны біскуп Аляксандр! Сёння ты, распачынаючы служэнне на гэтай зямлi, уступаеш на шлях магiлёўскiх бiскупаў, якiя ўпiсалiся ў гiсторыю станаўлення i развiцця Касцёла з катэдрай над вялiкiм Дняпром, - сказаў Мітрапаліт, звяртаючыся да біскупа Аляксандра Яшэўскага. - Многiя з iх сталi жывымi пакутнiкамi, як кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Эдуард Ропп, Як Цепляк цi Баляслаў Слосканс. Няхай iх памяць натхняе цябе на вернае i плённае служэнне людзям Магiлёўшчыны, каб рэха Евангелля з берагоў магутнага Дняпра неслася па ўсёй гэтай зямлi i, пранiкаючы ў душы людзей, iх перамяняла. Як салезіянiн i духоўны сын св. Яна Боско, жывi i дзейнiчай паводле яго закліку: “Дай мне душы, усё астатняе забяры”, каб, як нагадвае дэвіз твайго бiскупскага служэння, людзi мелi Бога i праз Яго мелi ўсё”.

Потым Мітрапаліт папрасiў біскупа Аляксандра Яшэўскага далей узначалiць святую Iмшу.

У гамiлiі біскуп Аляксандр Яшэўскi словамі ўдзячнасці ўзгадаў першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, кардынала Казіміра Свёнтка, адзначыўшы, што, “як і Абрагама, мы можам назваць кардынала не толькі сведкам веры, але і айцом нашай веры”. Таксама біскуп падзякаваў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу “за прыклад адданага і ахвярнага служэння Біскупа свайго народа”, з удзячнасцю звярнуўся да біскупа Юрыя Касабуцкага, выказаўшы ўпэўненасць, што ён “і надалей захавае свой апостальскі запал і руплівасць у вядзенні даручанага яму Народа Божага, асабліва маладога пакалення – будучыні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”.

“Адчуваю, што Бог на гэтай зямлі чакае ад нас усіх жыцця, згоднага з Евангеллем Хрыстовым, і еднасці: што заўсёды будзем разам змагацца за духоўныя каштоўнасці, што адзінадушна будзем вызнаваць сваю веру ў Бога і сумесна адстойваць прынцыпы Евангелля”, - сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Разважаючы над фрагментам Паслання апостала Паўла да Філіпянаў, іерарх адзначыў: “Бог чакае ад супольнасці ў Філіпіі, што яе члены будуць жыць у еднасці, што заўсёды будуць разам. Гэтае адзінства дасць ім мужнасць супраць сваіх праціўнікаў, стойкасць у цярпеннях і дасць упэўненасць у Божым збаўленні. І сёння ніхто не павінен мець ніякіх сумніваў, што чаканні Бога для сучаснага хрысціянства, што чаканні Бога канкрэтна ў адносінах нас – Каталіцкага Касцёла ў яго Магілёўскай частцы, – такія ж самыя і што Бог гэтых патрабаванняў не змяніў”.


“Еднасць і супрацоўніцтва сярод нас на самой справе магчымыя толькі тады, калі яны нараджаюцца ад Духа Святога, калі мы сапраўды навернемся да Бога і будзем весці жыццё, годнае дзяцей Божых”, - звярнуў увагу біскуп. Іерарх заўважыў, што “жыццё, згоднае з Евангеллем Хрыстовым, патрабуе ад нас адраджэння сэрца, унутранай чысціні і клопату аб асабістых адносінах з Богам праз малітву і разважанні над Божым Словам”; “праяўляецца ў вялікай павазе да Бога”; “патрабуе ад нас шчырых адносін да нашых бліжніх”.

“Такі дух еднасці, які чэрпае сваю сілу з Евангелля Хрыстовага, з асабістага навяртання кожны дзень, з любові і пашаны да Пана Бога і бліжніх, перадаў нам сам Збаўца, Езус Хрыстус. Аб такім духу еднасці нам трэба пастаянна маліцца і прасіць Духа Святога, даўцу дароў Божых”, - дадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У слове падзякі на заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў: "“Што даць Табе, о Пане, за Твае шчодрыя дары? Што даць Табе ўзамен за ласкі, якіх няма меры?” Гэтымі словамі касцёльнай песні хачу праслаўляць Пана і дзякаваць Яму за тыя вялікія рэчы, якія ўчыніў для мяне. Усведамляю, што мае чалавечыя словы не змогуць выказаць той удзячнасці, якая належыць Пану".

“Таму яшчэ раз, у гэтай прыгожай і багатай гісторыяй катэдры, аднаўляю сваё жаданне, каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Аднаўляю сваё чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Аднаўляю сваю смагу: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога. І прашу святароў, кансэкраваных асобаў і веруючых Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і яе Магілёўскай часткі дапамагчы мне жыць і служыць для гэтага. Прашу вас, з волі Божай, прыняць мяне як свайго і з волі Божай ісці разам у выкананні супольнай місіі – абвяшчэння радаснай навіны аб нашым Збаўцы, Езусе Хрысце”, - дадаў іерарх.

Святары, кансэкраваныя асобы, вернiкi, прадстаўнікi дзяржаўнай улады павiншавалi новага бiскупа i пажадалi яму Божага благаслаўлення на новай нiве, якой з’яўляецца Касцёл у Магiлёве i вобласцi. Такiм чынам пачала пiсацца новая старонка Касцёла на Магiлёўшчыне.


(DN), (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by