Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навяртанне і пакаянне. Даклад а. Міхаіла Цвячкоўскага MIC на Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.07.2015 14:04

НАВЯРТАННЕ

У час малітоўных сустрэч, у час рэкалекцый у Вялікі пост, у пакутных набажэнствах альбо проста ў многіх канферэнцыях мы чуем запрашэнне святароў да навяртання і пакаяння. Сёлета гэтыя словы-запрашэнні гучаць асаблівым чынам, бо перажываем год пад лейтматывам "навяртанне і пакаянне". Чаму навяртанне такое важнае для чалавека? Што яно ў сабе змяшчае?

У Святым Пісанні, у Евангеллі паводле Марка, сустракаем запрашэнне Езуса, якое гучыць як наказ, каяцца і верыць у Евангелле: "Кайцеся і верце ў Евангелле" (Мк 1, 15). Да гэтага заклікаюць шматлікія прарокі Старога Запавету, а таксама той, хто непасрэдна рыхтуе дарогу для Езуса – Ян Хрысціцель: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Mц 3, 2). Гэтай перамены патрабуе кожны, нават справядлівыя. У Першым Пасланні св. Яна чытаем: "Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды" (1 Ян 1, 8).

Чым жа ёсць навяртанне і чым жа ёсць пакаянне?

Слова навяртанне з грэчаскай мовы (метаноя) азначае змена спосабу разумення (перамена ўмысловая) за якім ідзе змена ўчынкаў meta (перамена) nous (разуменне). Калі гэта азначае змену разумення і перамену ўчынкаў – паўстае пытанне: якое разуменне я павінен змяніць, каб за ім змяніць і ўчынкі?
Каб даць адказ на гэтае пытанне, дазвольце на пачатак узгадаць праўду аб чалавеку, кім ён з’яўляецца, кім з’яўляюся я і кім з’яўляешся ты.

Ян Павел II, будучы яшчэ кардыналам, у кнізе i „Miłość i odpowiedzialność” (Любоў і адказнасць) вельмі выразна зазначае, кім з’яўляецца чалавек. Ён вылучае галоўныя адрозненні чалавека ад расліннага свету, дзе адбываецца толькі вегетатыўны працэс; ён адрознівае чалавека ад жывёльнага свету, дзе зазначае біялагічны працэс, а таксама развіццё і размнажэнне на аснове інстынкту, і сцвярджае, што чалавек мае розум – якога не мае ані раслінны, ані жывёльны свет, дзякуючы якому ён мае магчымасць прымаць разумныя, абгрунтаваныя рашэнні, мае свабоду выбару (вольную волю) якая спаўняе вялікую ролю ў прыняцці разумнага рашэння; чалавек здольны любіць, перажываць, тварыць і праз гэта адкрываецца ўнутраная сфера духоўнага жыцця, якога не маюць ані, расліны, ані жывёлы.

У кнізе Быцця 1, 26-27 чытаем: ”і сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу нашага, падобнага да нас…”

Што азначае – чалавек створаны на Божы вобраз? Вучэнне Каталіцкага Касцёла сцвярджае, што такія элементы, як: свабодны выбар, розум, здольнасць любіць, здольнасць тварыць, здольнасць весці духовае жыццё – усё гэта з’яўляецца адлюстраваннем Божых элементаў у нас. Менавіта дзякуючы гэтым характарыстычным рысам мы з’яўляемся падобнымі да Бога. Гэта Божы вобраз у нас, і ён з’яўляецца дарам Бога. Чалавек не патрабуе навяртання, калі, разпазнаўшы і прыняўшы Божы дар – карыстаецца ім, каб будаваць усё больш дасканалыя адносіны з Богам.

Бог даў чалавеку розум, каб кіраваў уласным жыццём разумным чынам і каб на аснове розуму будаваў адносіны з Богам. Калі Бог у Бібліі звяртаецца з загадам "не забівай" – мой людскі розум, які з’яўляецца дарам Бога, прымае, што Бог сабе пакінуў права захаваць жыццё ці яго забраць. Мой розум падказвае і сцвярджае, што я не маю права рабіць гэты ўчынак – бо Бог навучае так не рабіць. Усведамляючы і прымаючы гэты закон на аснове майго розуму, я выбіраю Бога. Калі Божае права кажа "не крадзі" – на аснове розуму я разумею і прымаю гэтае запрашэнне, калі пазбягаю падобнага граху. На аснове розуму кожны з нас выразна разумее, які стыль жыцця Богу даспадобы, бо маем дадзенае Божае права, Божы закон, які акрэслівае выразна, які стыль жыцця Богу даспадобы, якім Бог хоча бачыць маё жыццё. Калі я гэта разумею і ў сваім выбары кіруюся асновай Божых запаведзяў – я не патрабую навяртання, бо я жыву ў еднасці з Богам. Мне патрэбна захаваць і ўмацоўваць гэтую еднасць. Варта ў гэтым месцы ўзгадаць прыклад багатага хлопца (Мк 10, 17-21 (30): “І калі Езус выходзіў у дарогу, вось падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад ім на калені і спыташся ў Яго: “Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?” Езус сказаў яму: “Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фалшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”. А той адказаў Яму: “Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго”. Езус паглядзеў на Яго з любоўю і сказаў: “Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною”.

Каб жыць у еднасці з Богам – дастаткова верна захоўваць Божыя запаведзі. Аднак ведаць Божыя запаведзі і жыць імі – гэта дзве зусім розныя рэчы.
Адзін з каштоўных дароў, дадзеных чалавеку Богам, – гэта дар свабоднага выбару. Святое Пісанне ў кнізе Другазаконня 30, 15-20 кажа: „Кладу сёння перад табой жыццё і шчасце, смерць і няшчасце. Сёння загадваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго дарогамі, выконваючы Яго распараджэнні, права і загады, каб жыў і размнажаўся, а Пан Бог твой будзе табе благаслаўляць у краіне, якую ідзеш атрымаць ва ўласнасць. Але калі сваё сэрца адвернеш і не паслухаеш, заблукаеш і будзеш аддаваць паклон іншым багам, служачы ім – абвяшчаю вам сёння, што напэўна загінеце, не доўга будзеце прабываць на гэтай зямлі, якую крочыце атрымаць пасля пераходу праз Ярдан. Як сведкаў бяру сёння неба і зямлю, кладу перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і праклён. Выбірайце жыццё, каб жылі вы і вашае патомства, любячы Пана, Бога вашага, слухаючы Яго голас, імкнучыся да Яго; бо ў гэтым знаходзіцца тваё жыццё і доўгае трыванне твайго побыту на зямлі, якую Пан прысягнуў даць продкам тваім: Абрагаму, Якаву і Якубу”. Натхнёны аўтар, які пісаў гэтыя словы, зазначае, што Бог прапануе чалавеку выбар “Выбірайце жыццё, каб жылі вы і вышые патомства” і запрашае да выбару дабра, гэта значыць да вернасці Богу і Яго загадам. Але Ён не загадвае, не прымушае, не наказвае – Ён прапануе, шануючы выбар чалавека. Гэта вялікая ўлада чалавека, якую ён атрымаў ад Бога, – выбіраць свабодна і дабравольна.

Здараецца сустрэць маладога чалавека, які спрабуе пярэчыць гэтым словам: "Як Бог дазваляе мне быць свабодным у маім выбары, калі дае свае загады і кажа: не забівай, не крадзі, не чужалож, не сведчы фалшыва… Ён дыктатар! Ён ускладвае сваё права на мае плечы".
Даючы свае загады, Бог зазначае, што ў рамках гэтай прасторы, у рамках гэтых запаведзяў крыецца тваё сапраўднае шчасце і твой Божы поспех. Аднак Ён не забірае ў кожнага з нас права грашыць і ламаць гэтыя загады. Чалавек можа гэта рабіць, і, як кажа жыццёвы досвед многіх з нас, мы гэта робім. Як бы такі ўчынак ні называўся – ён сумны, бо, адкідваючы ў сваіх выбарах прапанову Бога жыць Яго загадамі, мы выбіраем зло, якое не вядзе да жыцця вечнага, але да смерці. “Расплата за грэх – смерць” (Рым 6, 23). А Бог кажа: “Выбірай жыццё – каб жыць”. І гэта смутак Бога і трагедыя чалавека, што ён здольны ў сваім свабодным выбары перакрэсліць і адкінуць Божыя загады і выбраць тое, што мае выгляд дабра, а фактычна шкодзіць і ад чаго хоча зберагчы яго Бог. Такі выбар мы называем грахом.

Калі чалавек ведае Божыя загады на аснове розуму, а сваім свабодным выбарам іх адкідвае і выбірае тое, што супярэчыць гэтым жа загадам, – мы называем такі ўчынак грахом цяжкім. Наступства такога ўчынку – свядомага, свабоднага і дабравольнага выбару, у якім я адкідваю Божыя загады, – з’яўляецца рэальнае аддаленне ад Бога. Як гаворыць святы апостал Павел: “Расплата за грэх – смерць”  (Рым 6, 23). Дух Святы пастаянна запрашае такога чалавека да перамены свайго жыцця.

Калі чалавек, ведаючы Божыя загады, пастаянна іх адкідвае свядома і дабравольна – ён сам адлучае сябе ад Бога праз свой выбар. Такі чалавек ніколі не будзе шчаслівы, бо пакідае крыніцу шчасця, якой ёсць Бог. Нават невялікі грэх прыносіць у нашае духоўнае жыццё дыскамфорт, а што ж казаць пра вялікі?
Менавіта тут, у такой сітуацыі, з’яўляюцца актуальнымі словы аб навяртанні. Гэта значыць вярнуцца да таго выбару, які прынясе гармонію ў маё жыццё, вярнуцца да вернасці запаведзям Хрыста, бо толькі яны прыносяць чалавеку паўнату жыцця, гармонію, радасць і шчасце.

У працэсе навяртання вельмі важную ролю адыгрывае ўсведамленне сэнсу нашага жыцця: да чаго я пакліканы, куды імкнуся, якая мэта майго жыцця?

Варта ўзгадаць у гэтым месцы, што для некаторых Бог з’яўляецца блізкім і больш рэальным, чым прыдарожнае дрэва, якое кожны ў стане ўбачыць, але для некаторых Ён увогуле не існуе. Чаму так адбываецца? Вера – гэта дар, дадзены Богам, і гэты дар Бог хоча даць кожнаму, але не кожны хоча яго прыняць, бо ўвайшоў у стыль жыцця без Бога, свядома ці несвядома закрываецца на Яго.

Дар веры можна выпрасіць у Бога, таму Касцёл заўсёды запрашае маліцца аб навяртанні. На прыкладзе Святога Паўла бачым выразна, як Бог на просьбу Касцёла, церпячага пераслед ад Саўла, выпрошвае для яго ласку навяртання. З жорсткага пераследніка Касцёла Саўл становіцца Паўлам, у далейшым святым апосталам Паўлам, які, сустрэўшы Езуса, ідзе і абвяшчае Евангелле сярод паганскіх народаў і робіць гэта з вялікім энтузіязмам, нярэдка ў голадзе, цярпенні, пераследзе і небяспецы смерці. У выніку, навярнуўшыся да Езуса ўсім сваім сэрцам, за Езуса і Касцёл ён пралівае сваю кроў.

Блізкія з Богам адносіны, якія заключаюцца ва ўшанаванні і захоўванні Яго загадаў, а таксама вернасць Богу, дыялог з Ім – гэта той кірунак жыцця, якога жадае ад нас Бог, якога чакае, які Яму даспадобы. Аднак факты часта іншыя. Сёння шмат людзей намагаецца сваё жыццё будаваць без Бога. У нашым грамадстве гэта праяўляецца даволі выразна. Так будую сваё жыццё, што Бог мне не патрэбны, а нават з’яўляецца для мяне перашкодай у рэалізацыі маіх планаў. Для Яго няма месца ў маім жыцці. А калі ёсць – то гэта невялікі кавалак, які часта называем “веру ў душы”.

Да чаго альбо да каго можна параўнаць чалавека, які кажа “веру ў душы”, а адначасова не прымае святыя сакрамэнты, такія, як пакаянне, Эўхарыстыя і іншыя? Думаю, што дарэчным будзе параўнанне да сустрэчы з вобразам чалавека, чыё аблічча адбіваецца ў люстэрцы, сустрэчы з гэтым абліччам, а не з жывой асобай Хрыста. Тое, што перажываеш у сваім унутраным свеце, альбо, як інакш кажам, сэрцы, можам назваць дзеяннем Бога. Гэта пэўныя перажыванні, смуткі, расчараванні і радасці, прагненне чагосці большага і лепшага і г.д. Гэта водбліскі Божых элементаў, якія паказваюць, што ты створаны на Божы вобраз і на Яго падабенства. Аднак гэтага недастаткова, каб сказаць, што я размаўляю з Богам у душы. Наадварот, гэтыя элементы сведчаць аб тым, што ты патрабуеш Бога, а ўвогуле Яго не пазнаў. Чаму не пазнаў – бо гэта толькі запрашэнне, каб рабіць чарговыя крокі наперад, пазнаць Езуса праз сакрамэнт пакаяння, дзе Ён, прабачыўшы грахі, дае сапраўдную свабоду; пазнаць Езуса ў Эўхарыстыі, дзе, закаштаваўшы Яго хоць раз – будзеш прагнуць Бога яшчэ і яшчэ, бо гэты Эўхарыстычны Хлеб Езус называе ключом да неба (Ян 6, 54): “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”. Як жа ты можаш казаць, што верыш у душы – а адначасова не прыходзіш прыняць Езуса Хрыста ў святой Камуніі? Ці можа галодны чалавек насыціцца пахам ад смачнага харчавання? Ці задаволены будзе чалавек, калі замест заробку за сваю працу атрымае звон манет альбо шэлест банкнотаў? Падобна і вера ў душы без практычнага навяртання і дзеяння – мёртвая. Святы апостал Якуб кажа: ”Як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў” (2, 26). Тое, што перажываецца ў душы, – гэта водбліск Божых элементаў ува мне, якія мне дадзены Богам, але яны не з’яўляюцца Богам, а маюць задачу прывесці мяне да Яго, запрашаюць пазнаць Яго, распачаць шлях да асабістых, асабовых адносінаў з Езусам – але Богам не з’яўляюцца. Чым з’яўляюцца натхненні да таго, каб паглыбіцца ў духоўнае жыццё, – тым з’яўляецца прыемны водар смачнага харчавання. Пайду за прыемным пахам смачнага харчавання – накармлю сваё цела. Пайду за натхненнямі ўнутранага запрашэння на сустрэчу з Езусам – Езус накорміць маю душу. Калі не буду ў адпаведны час прымаць страву – што стане з маім целам? Калі не пайду за натхненнем і не сустрэнуся з Езусам – што стане з маёй душой?

Сёння мы, людзі, моладзь ХХІ стагоддзя, вельмі часта з’яўляемся майстрамі, прафесіяналамі  ў заглушванні Божага голасу і адкідваем Яго запрашэнне праз наш выбар. У гэтым дапамагае інтэрнэт, музыка, забавы, фільмы, алкаголь, безупынная мітусня, якая прапануе шмат, а ў выніку забірае час і насычае ўнутраны свет усім - але не Богам.

Мы стамляемся і расчароўваемся жыццём, але не вяртаемся да Бога. Мітусня гэтага свету заглушае Божыя натхненні і не дазваляе голасу Езуса Хрыста прабіцца праз мур клопатаў аб справах зямных. Свой жыццёвы эфір я запаўняю ўсім, што толькі трапляецца і што ў маіх вачах з’яўляецца добрым, але там няма месца на спатканне з Богам, на Божую цішыню і Божую любоў. Менавіта тут, у гэтым месцы, я патрабую навяртання. Сэрца чалавека ніколі не будзе спакойным, пакуль не створыць у сабе такую духоўную прастору, у якой знойдзецца час на ўсведамленне, што без Бога, без Езуса Хрыста, без Духа Святога – я ніколі не дасягну глыбокага супакою, міру, сапраўднай жыццёвай радасці і сапраўднага шчасця. Гэта і ёсць сапраўднае навяртанне. Вяртаючыся з “гэтага свету”, я хачу сваё жыццё планаваць у еднасці з Богам, засноўваючыся на Ім, на запаведзях Бога.

ПАКАЯННЕ

Адмовіцца ад жыцця без Бога – гэта яшчэ не ўсё. Пры ўсведамленні сваёй памылкі, свайго граху жыцця без Бога – здаецца абавязковай патрэба папрасіць у Бога прабачэння. Гэтаму служыць пакаянне. Чым яно з’яўляецца? Яно змяшчае ў сабе глыбокую скруху, глыбокае шкадаванне за стыль жыцця без Бога, за ўчынкі, выбары, якія пярэчаць Божым загадам. Калі здараецца нам учыніць штосьці несправядлівае ў адносінах да бліжняга, мы просім у яго прабачэння, а шчырае прагненне паяднацца нярэдка выказваеццца праз матэрыяльны падарунак і не толькі. Падобна і з пакаяннем. Апускаюся на калені перад святаром у канфесіянале, каб папрасіць прабачэння ў Бога і адбудаваць страчаныя адносіны. Часам, калі была зроблена шкода матэрыяльная, я маю абавязак выправіць і яе.

Пакаянне з’яўляецца актуальным і патрэбна таксама тады, калі чалавек, навярнуўшыся да Бога, трапляе ў пастку граху. Гэта азначае, што: веру, давяраю Богу, шукаю Яго, імкнуся Яго пазнаць больш, і на гэтым шляху здараецца слабасць альбо памылковы выбар, які трапляе пад катэгорыю граху. У гэтым значэнні пакаянне ніколі не страціць сваёй патрэбы і вартасці. Яно заўсёды будзе актуальным. Па прычыне першароднага граху кожны з нас здольны да памылкі і ўпадку ў грэх.

Святое Пісанне, а таксама Айцы Касцёла, асаблівым чынам кладуць націск на тры элементы пакаяння: пост, малітву і міласціну (пар. Тоб 12, 8; Mц 6, 1-18). Гэтыя элементы выказваюць навяртанне ў адносінах да сябе, да Бога і да бліжняга.
Прынятае рашэнне посту засяроджвае маю ўвагу на Божых справах: што менавіта на іх я кладу націск, усім сваім унутраным светам здольны адмовіцца ад рэчаў добрых, каб выбраць тое, што найлепшае. Пост з’яўляецца добрай праверкай, наколькі я магу для глыбокай еднасці з Богам пакінуць усё іншае, што прываблівае, насычае дабротамі гэтага свету, забірае маю ўвагу, мой час і нярэдка аддаляе ад Бога. Пост мае вялікую вартасць, калі чалавек здольны адрачыся добрых рэчаў па прычыне больш дасканалага выбару Бога. Езус запрашае сваіх апосталаў пасціць, што спрыяе змаганню са злым духам і набліжэнню да Бога. “Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай” (Мк 9, 28б-29).

Малітва вядзе да непасрэднай сустрэчы з Богам, да глыбокай, інтымнай, унутранай еднасці з Ім, калі кожны з нас непаўторным чынам сустракаецца з Езусам і будуе, на ўзроўні свайго ўнутранага свету, досвед бясцэнных адносінаў. Навяртанне павінна прыводзіць да малітвы і павінна адбывацца ў малітве. Навяртанне прыводзіць да асабовай і непаўторнай сустрэчы з Езусам. Гэтае спатканне заўсёды новае і заўсёды іншае. Яно ніколі не бывае аднолькавым, бо Бог, Езус Хрыстус, жывы, а з кожнай жывой асобай заўсёды сустрэчы непаўторныя ў сваёй прыгажосці, тым больш з Богам.

Міласціна не дазваляе затрымацца і засяродзіцца эгаістычным спосабам толькі на ўласных патрэбах, але дапамагае заўважаць каля сябе людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе і якіх таксама любіць Бог. Міласціна таксама дапамагае ўбачыць тую праўду, што ў дарозе да неба ўсе мы пілігрымы і ў Божых вачах роўныя. Глыбіня чалавечых рысаў адкрываецца менавіта тады, калі мы ўмеем даваць, служыць, схіляцца з дапамогай так, як гэта рабіў сам Хрыстус.

І пост, і малітва, і міласціна актыўна спрыяюць перамене нашага сэрца і чыняць нас падобнымі да Хрыста, які не збіраў зямных, матэрыяльных скарбаў, але жыў сярод людзей і кіраваў іх зрок на тое, што ў вышынях, на жыццё вечнае. Пакаянне мае нас скіраваць у гэтым напрамку.
Справу навяртання нашага жыцця вядзе Дух Святы. Гэта Ён, калі прыходзіць у сэрца чалавека, пераконвае яго ў “граху, судзе і справядлівасці”. Дух Святы пераконвае ў граху, але таксама паказвае выхад з гэтай заблытанай жыццёвай сітуацыі, праз якую мы заслужылі смерць. Вядзе да пакаяння, указваючы вялікую Божую міласэрнасць.

Добрая навіна для нас у тым, што Бог ніколі не абмяжоўваў колькасці свайго прабачэння. Калі святы Пётр пытаецца ў Езуса: “Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?" – добра памятаем адказ Езуса: "Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзясят сем разоў” (Mц 18, 21-35), што паказвае, што прабачаць трэба заўсёды. Паколькі Езус вучыць грэшнага чалавека прабачаць заўсёды – тым больш Бог, у сваёй дасканаласці і любові, ці не здольны прабачаць яшчэ больш і з большай любоўю? Напэўна, здольны і гэта чыніць да сённяшняга дня. Любоў Бога прывяла Езуса Хрыста на крыж, на якім памёр справядлівы за несправядлівых, каб знішчыць моц смерці і граху, каб перамагчы ворага чалавека, сатану, які, спакушаючы да граху і запрашаючы грашыць, у далейшым абвінавачвае і нішчыць чалавечую асобу, бо, як кажа Святое Пісанне, “ён чалавеказабойца” (пар. Ян 8, 44), бо, адлучаючы нас ад Бога – адлучае ад крыніцы жыцця.

Езус, палюбіўшы сваіх, да канца іх палюбіў і пакінуў нам прылады сваёй міласэрнасці. Імі з'яўляюцца сакрамэнты, а асабліва пакаянне, крыніца Божай міласэрнасці, і Эўхарыстыя, найдастойнейшы сакрамэнт. Калі прымаем святую Камунію – Езус жыве ў нашым сэрцы.
Сакрамэнт пакаяння Езус аддаў у рукі сваім апосталам: “Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 23) – і ад гэтага моманту гэтая ўлада перадаецца праз рукі святароў да сённяшняга дня. Гэта сакрамэнт міласэрнасці, дзе шчыра, проста, з даверам, пры называнні грахоў па імені, Езус іх прабачае і больш ніколі да іх не вяртаецца. Гэта сакрамэнт Божай любові, у якім да сённяшнягя дня Езус не перастае любіць і прабачаць. Гэта сакрамэнт, дзякуючы якому смерць траціць над кожным з нас сваю уладу, а нам адчыняюцца брамы неба.

Дазвольце ў кароткай малітве падзякаваць Езусу за Яго любоў, якую Ён пакінуў нам і застаўся з намі ў святых сакрамэнтах.

Езу Хрыстэ! Ты з любові да нас стаў чалавекам і памёр на крыжы. Ты з любові да нас уваскрос, узышоў на неба і чакаеш нас, сваіх дзяцей, у сваім Валадарстве. У святых сакрамэнтах Ты прабываеш з намі і няспынна нас запрашаеш трываць у еднасці з Табой. Глянь з вялікай міласэрнасцю на нас, грэшных і слабых людзей, якія шукаем паратунку ў Тваім прабачэнні і пакорна просім: будзь літасцівы да нас, грэшных. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.