У Мядзелі адзначылі 250-годдзе пабудовы першай Кальварыі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.09.2015 17:58

13 верасня ў парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі прайшлі ўрачыстасці 250-годдзя пабудовы першай Кальварыі. У гэты дзень у свята Узвышэння Святога Крыжа парафію адведаў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Першая Кальварыя ў Мядзелі была пабудавана ў 1765 годзе, пасля чаго яна двойчы знішчалася і адбудоўвалася. Сённяшнія капліцы з’яўляюцца ўжо трэцяй адбудовай мядзельскай Кальварыі.


Урачыстасць распачалася сустрэчай Апостальскага Нунцыя перад брамай парафіяльнага касцёла. На ўрачыстасць прыбыў таксама правінцыял Варшаўскай Правінцыі кармэлітаў босых а. Ян Маліцкі OCD з Польшчы.

Пасля прывітання парафіяне на чале з духавенствам вырушылі з касцёла ў малітоўнай працэсіі на мядзельскую Кальварыю. У кальварыйскай Браме Прабачэння Апостальскага Нунцыя сустракала моладзь парафіі і прадстаўнікі мясцовай улады. Потым распачалося набажэнства крыжовага шляху па Кальварыі — разважанні і спевы праводзілі вернікі мядзельскай парафіі.


Працэсія прыбыла да апошняй стацыі на Гары крыжоў, пасля чаго распачалася св. Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на важнасць узнясення Хрыстовага Крыжа ў духоўным жыцці кожнага верніка. Падобна ізраэлітам, якія, спазіраючы на змея, якога ўзнёс Майсей у пустыні, не баяліся ўкусаў змей. Так і хрысціяне, калі звяртаюць позірк на ўкрыжаванага Хрыста, атрымліваюць моц, каб супрацьстаяць сучасным змеям, якімі з'яўляюцца грэх, абыякавасць і маладушша.


Напрыканцы ўрачыстасці пробашч і вернікі падзякавалі Апостальскаму Нунцыю Клаўдыё Гуджэроцці за візіт і супольную малітву, а таксама папрасілі перадаць прывітанне Святому Айцу Францішку ад вернікаў Мядзельскага краю і запэўніць Яго Святасць аб еднасці і пашане.

Верым, што мядзельская Кальварыя наноў будзе аднаўляцца і развівацца, каб надалей быць святыняй нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны, дзе чалавек сустракаецца з міласэрным і любячым Богам.

а. Юрый Кулай OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by