«Сведчыць аб Хрысце»: з Мінска ў Будслаў вырушыла роварная пілігрымка | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.06.2016 12:30

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць свв. апосталаў Пятра і Паўла, ад касцёла свв. Сымона і Алены ў Мінску вырушыла традыцыйная роварная пілігрымка ў Будслаў. Перад выездам у касцёле адбылася адмысловая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх прадставіў постаці апосталаў Пятра і Паўла, іх пакліканне і дзеянне.

Арцыпастыр нагадаў, што Пётр быў пакліканы з простых галілейскіх рыбакоў. Ён першы вызнаў веру ў Езуса, як Сына Божага, доўгачаканага Месію, і быў найбольш заўважальны паміж апосталаў. Менавіта ён сказаў вельмі значныя словы, што Езус мае словы вечнага жыцця і таму нельга аддаляцца ад Яго. І хаця ён аж тры разы адрокся ад Езуса, тым не менш Хрыстус устанавіў яго князем апосталаў і ўдзяліў яму ўладу прымату ў Касцёле.

Мітрапаліт дадаў, што вернасць свайму пакліканню св. Пётр пацвердзіў мучаніцкай смерцю ў Рыме. Сёння на гэтым месцы ўзвышаецца велічная базыліка св. Пятра. «Калісьці язычнікі Рыма стараліся адгадаць свой лёс па шуме лісця растучых там дрэваў. Сёння свет услухоўваецца ў голас наступніка св. Пятра, каб вырашаць свае праблемы і будаваць свой лёс на евангельскіх каштоўнасцях», — сказаў арцыбіскуп.

Кажучы пра апостала Паўла, Мітрапаліт нагадаў, што ён быў пакліканы Езусам цудоўным чынам. Ён, які тады меў імя Саўл, пераследаваў Касцёл і хрысціян, аднак пад Дамаскам, куды накіроўваўся, каб працягваць пераслед, Хрыстус цудоўным чынам прамовіў да яго. У выніку Саўл стаў найбольш вядомым евангелізатарам, апосталам народаў Паўлам. Ён вучыў, што няма ні габрэя, ні грэка, але ўсе Хрыста, і гэта нагадвае пра паўсюднасць збаўлення ў Хрысце, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што, як і Пётр, Павел у той жа дзень загінуў мучаніцкай смерць па-за мурамі Рыма, і на гэтым месцы сёння знаходзіцца велічная базыліка, прысвечаная яго імені.

«Сучасны свет мае патрэбу ў новых Пятрах і Паўлах, тых, якія ў абставінах секулярызму і крызісу веры могуць разам з Пятром паўтарыць: “Пане, да каго ж мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця”, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Гэтаму свету патрэбны Паўлы, якія разам з ім паўтораць: “Для мяне жыццё — гэта Хрыстус”».

Арцыпастыр звярнуў увагу, што роварная пілігрымка трывала ўпісалася ў праграму святкавання будслаўскіх урачыстасцяў, і «перад секулярнымі выклікамі нашага часу накіроўваючыся ў Нацыянальны санктуарый, веласіпедысты сведчаць аб Хрысце, выбіраюць Яго і абвяшчаюць аб Ім сучаснаму свету».

Мітрапаліт пажадаў удзельнікам Божага благаслаўлення ў пілігрымцы і пажадаў, каб яны былі сучаснымі Пятрамі і Паўламі.

(DN), (AG)

Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2020 Catholic.by