«Як пілігрымка змяніла маё жыццё»: сведчанні пілігрымаў (+фотарэпартаж, відэа) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.07.2016 13:25

Пілігрымка — гэта найперш магчымасць штосьці змяніць у сваім духоўным жыцці, у сваіх узаемаадносінах з Богам. Пра тое, як сёлетняя пілігрымка ў Будслаў змяніла жыццё і ўспрыманне свету, распавядаюць удзельнікі духоўнага падарожжа Мінск-Будслаў.

Кожны ўдзельнік пілігрымкі вырушае ў гэтае духоўнае падарожжа са сваімі мэтамі і асабістымі інтэнцыямі. Для кагосьці пілігрымка становіцца не проста «паходам», а часам, які змяняе погляды на жыццё, асабістыя перакананні і ідэалы. Аб такіх і іншых зменах Catholic.by распавялі ўдзельнікі пілігрымкі Мінск-Будслаў.

«Адзін мой знаёмы з пілігрымкі цікава сказаў: “Я, Віця, ніколі сябе так не адчуваў. Мне здаецца, што я магу паляцець”. І штосьці падобнае адчуваю таксама і я зараз. Не адчуваецца ніякага прыгнёту і зняволенасці. Я бачу, што можна жыць і быць шчаслівым, нічога не патрабуючы ад жыцця. Калі мы ідзём замучаныя, гэта можа даваць найбольш шчасця. Я перажыў асвяжэнне веры ў Бога і ўзаемаадносін з Ім. Гэта як быццам зноў сустрэцца з якім-небудзь сябрам, які ніколі цябе не прадасць і заўсёды будзе цябе любіць, ад якога ты сам па нейкіх прычынах быў трошкі аддалены», — заўважае пілігрым Віктар Бардасаў. rАляксандра Януковіч з Масквы спецыяльна прыехала ў Мінск, каб прыняць удзел у пілігрымцы. Дзяўчына распавяла, што пілігрымка перавярнула ўсё яе ўспрыманне касцёльнага жыцця.

«Мне 16, а тут большасць маіх знаёмых нашмат старэйшыя за мяне. Гэта быў час абмену вопытам. І ў рэлігіі вельмі шмат для сябе адкрыла новага. Я ўзмацнілася ў веры і адчула на сабе, што Бог заўсёды са мной», — дзеліцца Аляксандра.

«І калі я ўжо не магла ісці: і мазалі, і калена балела, я пачынала маліцца. Тады я разумела, што ў мяне яшчэ ёсць сілы. Езусу было цяжэй — Ён узяў на сябе ўсе нашы грахі. У гэтай пілігрымцы я атрымала вельмі шмат прапаноў паехаць у Кракаў і Івянец. Я пра гэта раней не ведала. Сама жыву ў Маскве, але я проста хадзіла ў касцёл і не ўдзельнічала ў розных сустрэчах. Я мала пра ўсё гэта чула, таму захацела паехаць. Магчыма, я ўжо буду змяняць свае планы на лета і наведваць больш такіх мерапрыемстваў, дзе можна і ў веры ўмацавацца, і пабыць сам-насам з сабой», — заключыла дзяўчына. rМарыі Дзядзюлі з Фаніпаля пілігрымка дапамагла перажыць крызіс веры. 

«Я нават схадзіла два разы да споведзі. Першая пілігрымка ўвогуле змяніла ўсё маё жыццё тры гады таму. Раней я толькі прыходзіла ў касцёл па нядзелях, а пасля першай пілігрымкі я стала практыкуючай каталічкай», — адзначыла Марыя. r«Я вучуся ў Польшчы. І бачу на прыкладзе пілігрымкі, як развіваецца Касцёл у Польшчы і Беларусі. Вельмі цешуся, калі бачу, што штосьці змяняецца і што ў Касцёле з’яўляецца шмат моладзі, якая засяроджваецца не толькі на нейкіх матэрыяльных рэчах, але таксама і на Богу», — распавёў семінарыст Яўген Вінтоў. r«Гэты час для мяне быў часам цішыні і спакою. Я думаю, што кожны ідзе ў пілігрымку па розных прычынах. Хтосьці спявае, хтосьці, можа, больш моліцца ў цішыні. Я старалася шукаць цішыні, каб больш прысвяціць часу для Бога і разважанняў. Гэта быў таксама час, каб знайсці і зразумець сябе. І Бог дапамог мне па-іншаму зразумець некаторыя свае таямніцы», — прызналася  Юлія Казіміровіч з Мінска. rВялікае адчуванне Божай міласэрнасці і духоўнае ачышчэнне падчас пілігрымкі перажыла, па яе словах, Вікторыя Навасад.

«За пяць дзён нельга казаць пра нейкія змены, але пачатак пакладзены. Гэтыя “рэкалекцыі” патрэбна яшчэ пераасэнсаваць, перадумаць. І плады потым будуць. У мяне асабіста было вялікае адчуванне Божай міласэрнасці. Вельмі добрыя рэкалекцыі праводзіў кс. Кірыл Бардонаў. Рыхтаваў да рахунку сумлення. І ў мяне атрымаўся вельмі добры рахунак сумлення і падрыхтоўка да споведзі. Так што гэта такое духоўнае ачышчэнне», — заўважае Вікторыя. rВельмі радасная Таццяна Бінкіс з Мінска заўважыла, што падчас пілігрымкі абнавіла сваю любоў да людзей.

«Ты ідзеш па дарозе жыцця. Ідзеш усё далей і далей. Вось так яно і змяняецца. Здаецца, што нічога не змяняецца, ты проста ідзеш па гэтай дарозе. Яна адна і выбраная табе Богам. А што атрымліваеш? Кожны раз па-новаму абнаўляеш сваю любоў да людзей. І гэтага я ўсім жадаю», — падзялілася Таццяна. rУ мінскай пілігрымцы ішлі ўдзельнікі і з іншых краін: з Расіі, Украіны, Чэхіі і нават Злучаных Штатаў.

Людвіка Лачугіна, напрыклад, прыехала з Саратава. Жанчына ўжо другі год удзельнічае ў пілігрымцы Мінск-Будслаў і адзначае, што гэта прыносіць ёй вялікую радасць.

«Гледзячы на моладзь, як яна не штучна моліцца, я і сама натхняюся. І малітва ідзе ад душы. Калі мы спявалі гэтую песню: “Уставай і кроч..” (“Вольная воля” — Рэд.), то я са сваімі мазалямі не магла сябе стрымаць, каб не ісці, таму што шмат было інтэнцый», — распавяла Людвіка.


«Нават учора, прайшоўшы праз Браму Міласэрнасці, я адчула лёгкасць. У мяне кудысьці знік увесь боль у нагах і нават ацёк прапаў», — засведчыла пілігрым з Саратава.

«У мінулым годзе мы адразу далі сабе абяцанне, што абавязкова пойдзем на наступны год. Тады атрымалі шмат ласкаў ад Бога. Мы маліліся за ўзмацненне сям’і. Гэта сапраўды адбылося. Наша дачка чакае дзіця. І гэта вялікая радасць, што сям’я ўзмацняецца ў веры. Спадзяемся, што і ўнукі пойдуць таксама гэтым шляхам. Таму ёсць за што падзякаваць Маці Божай Будслаўскай, ёсць яшчэ што выпрасіць і памаліцца», — працягвае жанчына.

«Мы павязем у Саратаў радасць гэтай пілігрымкі і падзяку Богу за ўсё, за кожнага чалавека з гэтага лагера нават, з гэтага Касцёла. Вялікая падзяка арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Мы, расіяне, яго вельмі любім», — завяршыла Людвіка Лачугіна.

Марына Валасар,
фота аўтара


 
© 2003-2024 Catholic.by