Біскуп Яшэўскі да моладзі падчас аплаткавай сустрэчы: у Бога няма выпадковасцяў | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.12.2016 10:41

У свята Божага Нараджэння, пасля Пастэркі, моладзь парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве разам са святарамі зладзілі аплаткавую сустрэчу, каб у духу еднасці перажыць свята прыйсця Збаўцы ў свет.

Падчас сустрэчы біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі нагадаў, што кожная «выпадковасць не з’яўляецца выпадковай»: Бог ведаў найлепшы час, месца і абставіны для прыйсця Езуса і абраў іх невыпадкова. «У Бога няма выпадковасцяў, кожнае здарэнне мае нейкі, часта незразумелы нам, сэнс», — падкрэсліў іерарх.

«Таму і жыццё кожнага з нас не можа быць выпадковасцю. Калі Бог ствараў нас, Ён ужо дакладна ведаў кожны наш крок, бачыў кожную нашу думку, рашэнне і дзеянне. І хоць яны не заўсёды слушныя, Ён усё роўна, стварыўшы нас, палюбіў. Таму і мы павінны старацца палюбіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёю душою, павінны штодня вучыцца давяраць Яму і ў “выпадковасцях” бачыць Божую волю, шукаць гэтую волю, імкнуцца да яе, быць адкрытымі і заўсёды гатовымі яе прыняць», — заахвоціў біскуп Аляксандр прысутную моладзь.

Пасля цёплага моманту ламання аплаткай і складання перапрашэнняў, падзякі і віншаванняў адно аднаму, свята працягнулася пачастункамі, каляднымі спевамі, гульнямі і танцамі.

Яна Шумская
Фота Мар’ям Лавал
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by