Мітрапаліт Кандрусевіч у Папяльцовую сераду: Касцёл заклікае нас спаліць грэх | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.03.2017 23:00

«Падчас Вялікага посту Касцёл заклікае нас спаліць грэх і ўсё, што перашкаджае духоўнаму развіццю», — такой думкай распачаў гамілію Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду 1 сакавіка — першы дзень Вялікага посту.

Іерарх указаў на сімвалізм набажэнства ў Папяльцовую сераду, калі галовы пасыпаюць попелам: цела пасля смерці чалавека раскладзецца, а душа застанецца, і «яе лёс будзе залежаць ад нашага зямнога жыцця, ад яго духоўнай якасці». Праз гэты напамін, як сцвердзіў арцыпастыр, Касцёл адначасова падкрэслівае, што чалавека чакае ўваскрашэнне.

«Мы павінны сачыць за здароўем не толькі цела, але і душы — чыніць свайго роду духоўны “check up”, — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш. — І гэта заданне Вялікага посту, які з’яўляецца часам самакантролю. Падчас гэтай праверкі мы павінны праз прызму Святога Пісання і вучэння Касцёла вельмі ўважліва паглядзець на сябе, каб заўважыць усе недахопы нашага духоўнага здароўя».

Іерарх нагадаў, што не ўсе дасягаюць вечнага жыцця ў Валадарстве Нябесным, хоць усе і прызначаны для яго. «У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці ёсць такія рэчы ці справы, якія не дазваляюць нам дасягнуць неба? Так, яны ёсць. Гэта грэх і нашы дрэнныя схільнасці», — падкрэсліў арцыбіскуп.

На заканчэнне гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш прапанаваў практычныя парады, якія дапамогуць як мага больш плённа выканаць галоўнае заданне Вялікага посту — усвядоміць сваю грэшнасць і з жалем вызнаць свае грахі ў сакрамэнце пакаяння. Іерарх прапанаваў задумацца над наступнымі пытаннямі: ці штодзённа мы молімся, ці кожную нядзелю і свята прымаем удзел у св. Імшы, ці церпялівыя, ці ахвотна дапамагаем патрабуючым, ці прабачаем, ці не ставім матэрыяльных рэчаў вышэй за духоўныя, ці не лянуемся, ці справядлівыя ў адносінах да іншых людзей, ці клапоцімся аб рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі, ці стараемся ўзрасцаць у цнотах і ў веры, ці не адзначаемся пасрэднасцю, ці баронім сям’ю і Божы дар жыцця, ці часта прыступаем да споведзі і святой Камуніі?..

«Спіс гэтых пытанняў можна працягваць доўга. Падчас Вялікага посту неабходна на іх адказаць — шчыра і сумленна», — дадаў арцыпастыр.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Папяльцовую сераду

Па традыцыі падчас святой Імшы адбылося пасыпанне галоваў пеплам — на знак пакаяння і тленнасці зямнога жыцця. «Прымаючы на свае галовы попел, даверымся бязмежнай Божай міласэрнасці, каб гэты Вялікі пост сапраўды стаў часам пазнання нашага духоўнага здароўя, часам навяртання і часам духоўнага росту», — пажадаў іерарх.

(DN), (VGr)
Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by