У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заснаваны катэдральны капітул | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.04.2017 12:39

Падчас пастырскай сустрэчы 13 красавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў аб заснаванні катэдральнага капітула. Апекунамі капітула былі выбраны святы Міхал Арханёл і Маці Божая Будслаўская.

Паведамленне курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аб заснаванні катэдральнага капітула >>>

Згодна з кананічным правам, права на заснаванне катэдральнага капітула любой дыяцэзіі належыць Апостальскай Сталіцы. Да гэтага дня катэдральныя капітулы ў Беларусі былі заснаваны ў Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіях.

Прэзбітэраў, якія з’яўляюцца членамі капітула, называюць канонікамі. Да іх заданняў належыць здзяйсненне найбольш урачыстых літургічных цэлебрацый у катэдральным касцёле, а таксама выкананне тых абавязкаў, якія на іх ускладзены правам або дыяцэзіяльным біскупам. Асноўным дакументам, які рэгулюе дзейнасць капітула, з’яўляецца яго статут.

Канонікі капітула падзяляюцца на дзве групы: грэміяльныя канонікі і ганаровыя канонікі. Прызначэнне канонікам носіць характар асаблівай адзнакі і прызнання заслуг перад дыяцэзіяй.  Грэміяльныя канонікі ў капітуле выконваюць разнастайныя функцыі: дэкана (старшыні), тэолага, пенітэнцыярыя, цырымоніймайстра, кусташа, сакратара. Паводле статута катэдральнага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, грэміяльнымі канонікамі могуць быць выключна тыя прэзбітэры, якія да яе інкардынаваны, г.зн. стала належаць да духавенства гэтага мясцовага Касцёла. Усіх канонікаў прызначае дыяцэзіяльны біскуп.

Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прызначыў 8 грэміяльных канонікаў і 10 ганаровых канонікаў.

Грэміяльныя канонікі:

  • Кс. Антоні Клімантовіч — пробашч Архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Мінску — дэкан капітула.
  • Кс. Уладзіслаў Завальнюк — пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены ў г. Мінску, дэкан дэканата Мінск-Захад — кусташ капітула.
  • Кс. Аляксей Раманчук — пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў г. Барысаве, дэкан Барысаўскага дэканата — канонік тэолаг.
  • Кс. Андрэй Яркавец — пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Бабруйску, дэкан Бабруйскага дэканата — канонік пенітэнцыярый.
  • Кс. Ян Крэміс — пробашч парафіі Святога Духа ў г. Мінску, дэкан дэканата Мінск-Усход — канонік цырымоніймайстар.
  • Кс. Аляксандр Барыла — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў г. Вілейка, дэкан Вілейскага дэканата — канонік сакратар.
  • Кс. Дзмітрый Барыла — афіцыял Міждыяцэзіяльнага Касцёльнага суда ў Мінску, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка ў Ракаве, дэкан Валожынскага дэканата.
  • Кс. Пётр Шарко — пробашч парафіі Божага Цела ў г. Нясвіжы, дэкан Нясвіжскага дэканата.

Ганаровыя канонікі:

  • Кс. Сяргей Бараўнёў — пробашч парафіі Божага Цела ў пас. Беразінскае Маладзечанскага дэканата.
  • Кс. Юрый Быкаў — пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў п. Радашковічы Маладзечанскага дэканата.
  • Кс. Андрэй Далянскі — святар Тарноўскай дыяцэзіі (Польшча), пробашч парафіі Святой Тройцы ў г. Касцюковічы Магілёўскага дэканата, духоўны айцец для Магілёўскай вобласці архідыяцэзіі.
  • Кс. Уладзімір Каспарэвіч — пробашч парафіі Св. Юзафа у в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага дэканата.
  • Кс. Багуслаў Маджаеўскі — святар Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі (Польшча), пробашч парафіі св. Мікалая ў в. Свір, дэкан Мядзельскага дэканата.
  • Кс. Дзмітрый Пухальскі — канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
  • Кс. Францішак Рудзь — пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у г. Мінску.
  • Кс. Юрый Санько — в.а. прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) ў г. Мінску.
  • Кс. Раман Факсінскі — святар Улацлаўскай дыяцэзіі (Польшча), дырэктар Пастаральнага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
  • Кс. Мар’ян Шэршань — святар Драгічынскай дыяцэзіі (Польшча), пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Налібакі Стаўбцоўскага раёна.
 
© 2003-2024 Catholic.by