У Бараўлянах у РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава пачалі рэгулярна цэлебраваць св. Імшу | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.06.2017 14:55

Ад пачатку чэрвеня ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі імя Аляксандрава (далей — РНПЦ) у п. Лясны (Бараўляны) пад Мінскам цэлебруецца рэгулярная святая Імша.

Першая такая Імша сабрала каля 30 чалавек. Разам з пробашчам парафіі ў Бараўлянах кс. Казімірам Шыдэлкам SDB на Імшы маліліся прадстаўнікі медперсаналу, пацыенты і вернікі бараўлянскай парафіі.

Пакуль што св. Імша цэлебруецца ў актавай зале, але ўжо выдзелена памяшканне пад капліцу, у якім зараз ідзе рамонт. Капліца будзе асвячана пад тытулам Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Як распавёў у каментарыі для Сatholic.by кс. Казімір Шыдэлка, перад Імшой і пасля яе ў вернікаў ёсць магчымасць для духоўнай размовы са святаром і споведзі. З персаналам абмяркоўваецца магчымасць таго, каб капліца была адчынена на працягу дня.

Ксёндз Казімір ужо доўгія гады апякуецца хворымі ў РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах, удзяляючы ім сакрамэнт споведзі і намашчэння хворых.

У каталіцкай парафіі ў Бараўлянах у сваю чаргу праводзяцца адмысловыя набажэнствы да св. Роха — апекуна хворых. У гонар гэтага святога ў парафіяльнай капліцы плануецца ўсталяваць бакавы алтар.

За душпастырскай паслугай да кс. Казіміра можна звяртацца па тэлефоне: +375 44 722-55-89
(cath/vgr)

 
© 2003-2024 Catholic.by