Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам у Свіры (+фота) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.06.2017 15:48

18 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Св. Мікалая, біскупа, у Свіры. У гэтыя дні ў парафіі праходзіць перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай.

Візіт іерарха супаў з гадавінай асвячэння свірскага касцёла: 89 гадоў таму ў 1928 годзе касцёл у Свіры быў асвячаны пад тытулам св. Мікалая.

«Гэты дзень стаў як быццам днём хросту новай святыні, каб у ёй абвяшчалася Божае слова, цэлебраваліся сакрамэнты і з душаў людзкіх, як з жывых камянёў, будаваўся Касцёл», — сказаў іерарх.

З гісторыі касцёла ў Свіры

Свірскі касцёл быў канфіскаваны савецкай атэістычнай уладай у 1961 г. Амаль два дзесяцігоддзі ён заставаўся бязхозным, пакуль у 1980 г. у ім не размясцілі Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання. Вернуты Касцёлу святыня была толькі ў 1990-м.

«Добра памятаю тыя часы, калі вернікі мужна дабіваліся сваіх правоў, абівалі парогі дзяржаўных кабінетаў, звярталіся да мяне з просьбамі дапамагчы, ладзілі мітынгі ля касцёла, у якім размяшчаўся завод, — прыгадваў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Часамі здавалася, што няма той сілы, якая магла б змяніць лёс касцёла. Але Божыя планы былі іншымі»

«Усё адбылося, як прадказала Марыя»

Нагадваючы пра асаблівую важнасць фацімскіх аб’яўленняў, іерарх распавёў пра іх гісторыю, і пра тое, валадаром свету з’яўляецца не чалавек, не арміі і ідэалогіі, а Бог.

«Тры пакаленні людзі маліліся, чакаючы змен. Тры пакаленні — гэта як быццам тры дні. Як Езус Уваскрос на трэці дзень пасля сваёй смерці, таксама і Беларусь уваскрэсла да новага духоўнага жыцця пасля трох пакаленняў пераследу веры», — сказаў арцыбіскуп.

«Усё адбылося так, як прадказала Марыя, — працягнуў арцыпастыр. — І сёння мы, у прысутнасці асвячанай на месцы аб’яўленняў у Фаціме фігуры Божай Маці, дзякуем Марыі за яе клопат і апеку над намі».



Паводле слоў Мітрапаліта Кандрусевіча, сучасны свет перажывае дзіўны парадокс: «мы атрымалі дар свабоды веравызнання і ў той сам час нярэдка жывём так, быццам бы Бог не існуе».

«У гэтым працэсе многа залежыць ад нас саміх, ад нашага навяртання і хрысціянскага сведчання, — заўважыў іерарх. — Многія з прысутных у касцёле вернікаў сёння прымуць сакрамэнт канфірмацыі, які з'яўляецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці.

Кожны з нас таксама аддае перавагу сталаму, а не зменнаму чалавекам. Падобна ёсць і ў духоўным жыцці. Касцёл жадае бачыць нас сталымі ў сваёй веры, а не кволымі, як галінкі дрэва падчас ветру».

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў на духоўнае аблічча веруючага чалавека.

«Ці ён адпавядае Божаму плану? Бо мы створаны па вобразу і падабенству Божаму, — задаў пытанне іерарх. — Вярнуць сабе гэты вобраз дапамагае нам фацімскі заклік Марыі да малітвы і навяртання. Дазволім жа дзейнічаць у нашых сэрцах Святому Духу, каб ён дапамог нам жыць паводле фацімскага закліку Марыі, бо толькі тады будзем здольнымі змяніць воблік нашай зямлі», — заахвоціў Мітрапаліт.

(cath/dn/il)
Фота Уладзіміра Каршунава і Ільі Кузняцова

 
© 2003-2024 Catholic.by