Час збіраць камяні | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.07.2009 20:08

На жыццёвым шляху кожнага чалавека сустракаецца шмат камянёў. Яны бываюць рознай формы і памераў і часцей за ўсё перашкаджаюць нам у дарозе. У нашым духоўным жыцці такімі камянямі з’яўляюцца нашыя грахі, праз якія мы нярэдка сыходзім з правільнага шляху. Менавіта пра гэтыя «камяні» ўдзельнікі малітоўнай сустрэчы ў Івянцы разважалі падчас пакутнага набажэнства і перапрашалі за іх міласэрнага Бога.

Як прызнанне сваёй грахоўнасці і слабасці, кожны малады чалавек падчас набажэнства трымаў камень. Напрыканцы супольнай малітвы гэтыя камяні былі складзеныя перад абразом Езуса Міласэрнага ў знак таго, што без прыняцця Божай дапамогі і прабачэння мы не здолеем ісці далей. Толькі міласэрнасць нашага Збаўцы можа дапамагчы сучаснаму маладому чалавеку падняцца з грахоў і жыць у сапраўднай Божай любові.

Гэтае набажэнства стала своеасаблівым рахункам сумлення, падрыхтоўкай да сакрамэнту пакаяння і паяднання, скарыстацца з якога можна было на працягу ўсёй малітвы.

Святлана Бурлевіч

  

  

  

Фота Ул. Валадзько

 
© 2003-2024 Catholic.by