Сям’я і залежнасць: ты глядзіш у вочы чалавеку, ад якога залежыць тваё шчасце | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
11.09.2012 11:29

Сям’я і залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў — тэма надзённая і балючая для нашага грамадства. Менавіта ёй быў прысвечаны сімпозіум, што адбыўся 8–9 верасня 2012 г. у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах.

Дакладчыкі былі не толькі вопытнымі спецыялістамі, але і цікавымі асобамі з багатым практычным вопытам. Каштоўную ролю на сімпозіуме адыгралі сведчанні людзей, якія змаглі выбрацца з багны алкагольнай залежнасці і cузалежнасці.

Сімпозіум распачаўся прывітальным словам дырэктара каледжа кс. Алега Сількевіча і малітвай, пасля чаго з уступнай лекцыяй выступіла Кацярына Ахматава, клінічны псіхолаг і спецыяліст у галіне псіхатэрапіі. Дакладчыца абмалявала праблему тэарэтычна. Слухачы атрымалі больш поўную інфармацыю пра тое, што такое залежнасць і cузалежнасць, у чым асаблівасці cузалежных узаемаадносінаў. Відэафрагмент наглядна адлюстраваў тэорыю на прыкладзе сузалежных узаемаадносінаў паміж мужчынам і жанчынай. «Ты павінен (павінна) быць такім (такой), якім (якой) я цябе бачу…» — так была выражаная сутнасць пазіцыі сузалежнай асобы.

Кандыдат псіхалагічных навук, дасведчаны выкладчык і практык а. Яўген Маліноўскі прадставіў сваё бачанне праблемы і паказаў яе праз прызму духоўнасці. Сузалежнаму чалавеку, на думку а. Маліноўскага, патрэбна паставіць у цэнтр свайго жыцця не сябе, а Бога і з Езуса браць прыклад: Ён дае чалавеку свабоду выбару і прымае кожнага такім, якім ён ёсць.

Перад выступленнем наступных дакладчыкаў быў момант адмысловай цішыні: прысутныя засяроджана слухалі жыццёвыя сведчанні сузалежных асобаў.

Адна з жанчын пражыла горкае сямейнае жыццё з алкаголікам і перанесла ў сваёй душы i боль, і роспач, і крыўду. Жывучы пад гэтым гнётам, яна трымалася і не шукала забыцця ў чарцы. Другая ж зламалася, і яе адзінай мэтай і шчасцем у жыцці стаў алкаголь; жанчына амаль забыла пра сваю чалавечую годнасць. Але вера і сузіранне Бога ў малітве дапамаглі ёй знайсці шлях да выздараўлення.

Адна са сведкаў апавядала пра паваротны момант, калі перад Богам прызнала сваё бяссілле і ў Пану пачала шукаць дапамогу. Яе малітвы былі пачуты. Цяпер сэнс жыцця гэтай асобы не ў чарцы, а ў духоўным развіцці, дзейнасці групаў АА (Ананімных Алкаголікаў), ва ўдзеле ў святой Імшы, у чытанні Бібліі і штодзённай малітве. Яе жыццё змянілася карэнным чынам: мір у сэрцы, наладжаныя ўзаемаадносіны з блізкімі, магчымасць працаваць, свабода цвярозасці, вера і дзіцячы давер да Бога, які можа ўсё.

Пра свой драматычны шлях выздараўлення апавядаў і вядомы псіхіятр-нарколаг Віктар Белавус. Перад намі стаяў чалавек, які падняўся з дна жыцця алкаголіка, і вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў, абапіраючыся на методыку АА, ён дапамагае тысячам людзей выйсці на шлях цвярозасці і духоўнага росту.

Дзякуючы жывому аповеду і канкрэтным парадам Віктара Белавуса ўдзельнікі сімпозіума змаглі лепш зразумець псіхалогію алкаголіка, яго акружэння, яго спосаб светаадчування і мыслення. Усё гэта адкрывала новую перспектыву ўспрымання такіх людзей.

Завяршала сімпозіум канферэнцыя с. Паўлы Бобер. Выкарыстоўваючы цікавыя прыклады з жыцця, вобразна яна распавяла пра сацыяльную сузалежнасць у сем’ях. Удзельнікі канферэнцыі атрымалі карысныя парады і цікавае хатняе заданне, якое можа дапамагчы адкрыць сузалежнасць і пачаць працаваць над гэтай праблемай. Між іншым, сястра паўжартам параіла ўдзельнікам наклеіць на сваё хатняе люстэрка выраз: «Ты глядзіш у вочы чалавеку, ад якога залежыць тваё шчасце».

Сімпозіум завяршыўся прыемнай рэфлексіяй з дапамогай фотарэпартажа аб перажытым дні. Для ўдзельнікаў гэтае мерапрыемства праліло святло не толькі на разуменне праблемаў сузалежнасці, але і паказала, што існуюць канкрэтныя шляхі яе вырашэння.

Ірына Крыкала

Сачыце за абнаўленнямі на сайце каледжа, дзе будзе прадстаўлены відэазапіс сімпозіума.

 
© 2003-2020 Catholic.by