Парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце — 600 гадоў | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
26.11.2012 16:45

25 лістапада 2012 г. у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 600-годдзю ўзнікнення парафіі. У свяце прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся сур’ёзна і сумленна. У чацвер, 22 лістапада, распачаліся трохдзённыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Яцэк Дубоўскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашове. Рэкалекцыяніст закрануў тэмы, важныя ў жыцці кожнага чалавека, хрысціяніна. Агульная тэма рэкалекцый была вызначана Годам веры, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле. Таму першы дзень быў прысвечаны менавіта веры. Другі дзень закрануў тэму сям’і, якая з’яўляецца першай і галоўнай школай веры. Сям’я як школа пашаны і любові разглядалася ў трэці, апошні дзень.

Раніцай у нядзелю пасля прывітання біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам усіх прысутных распачаліся прэзентацыі навуковых дакладаў. Ксёндз Андрэй Рылка расказаў пра хрысціянства перад выклікамі постсекулярнасці. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Андрэй Буйніч прадставілі даклад на тэму: «Год веры — заклік да духоўнага подзвігу». Ксёндз Юрый Медышэўскі распавёў гісторыю Брэста і парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Паміж дакладамі гучалі арганныя творы кампазітараў Кэбса, Баха і Спетха ў выкананні арганісткі Юліі Міцкевіч.

Святую Імшу а 12-й гадзіне ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Антонi Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які раней быў пробашчам гэтай парафіі. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі іншых святыняў Брэста, Брэсцкай вобласці, усёй Беларусі і госці з-за мяжы, напрыклад прадстаўнік дабрачыннага фонду «Карытас» у Польшчы, прадстаўнікі мясцовых уладаў і консульстваў розных краін у Брэсце. Таксама на свята прыбыў першы пробашч парафіі кс. прэлат Збігнеў Караляк, які ў 1992 г. аднаўляў святыню, у сценах якой доўгі час знаходзіўся музей. Вернікі віталі кожнага, хто наведаў парафію ў гэты дзень, асабліва свайго першага святара, які для многіх стаў сапраўдным пастырам і айцом.

На пачатку літургіі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці асвяціў галоўны алтар касцёла і абраз у ім. Падчас Імшы прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў, што свята, якое перажывала парафія Брэста, важнае не толькі для гэтай парафіі, не толькі для брэсцкіх католікаў, — такая падзея павінна закрануць сэрца кожнага жыхара горада і ўcёй Беларусі. Апостальскі Нунцый падзяліўся сваёй радасцю ад таго, што мог святкаваць 600-гадовы юбілей парафіі разам з усімі прысутнымі, і дадаў, што папа Бэнэдыкт ХVІ ведае пра гэтае свята і, напэўна, жадаў бы таксама прысутнічаць у такі важны і прыгожы дзень у Брэсце.

Юлія Міцкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by