Моладзь Пінскай дыяцэзіі сабралася на калядную сустрэчу | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.01.2013 11:20

У першую суботу месяца, дзень асаблівым чынам прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай, моладзь з усёй Пінскай дыяцэзіі сустрэлася ў Баранавічах у касцёле св. Зыгмунта, каб супольна памаліцца, падзяліцца аплаткай, сустрэцца з Езусам падчас адарацыі і св. Імшы, а таксама даверыць сваё жыццё Марыі.

Менавіта ў гэты год — Год веры — у Беларусі адзначаецца 400-годдзе прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў. І ў дзень дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, 5 студзеня, распачалася перэгрынацыя копіі абраза па Пінскай дыяцэзіі. Яго прыбыццё ў парафію Св. Зыгмунта ўзбагаціла малітоўную сустрэчу.

Падчас сустрэчы моладзь мела магчымасць праз чытанне слова Божага, абмеркаванне яго ў групах і ўдзел у тэматычных сцэнках больш глыбока зразумець актуальнасць Евангелля ў жыцці кожнага чалавека. А дзякуючы цікавым канферэнцыям святароў для ўдзельнікаў сустрэчы больш блізкай і зразумелай стала постаць Марыі, якая адзначалася асаблівым даверам Пану Богу.

Скончылася сустрэча вясёлым вечарам, забаўляльнай праграмай, танцамі ды надзеяй на хуткае новае спатканне з сябрамі.

 

Алена Ярмак OCDS
Вераніка Сідарэня 

 


 
© 2003-2024 Catholic.by