Дом міласэрнасці ў Гомелі аднавіў харчаванне для бяздомных | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.05.2013 14:45

Каля 80 бяздомных і бедных гамяльчан прыйшлі ў панядзелак 6 мая на абед у гомельскі Дом міласэрнасці, якім апякуюцца сёстры з Ордэна Місіянерак Любові, заснаванага Маці Тэрэзай. З мінулага лета ў будынку праводзіўся капітальны рамонт, таму гарачае харчаванне сёстры часова не арганізоўвалі, але пастаянна падтрымлівалі бедных сухімі пайкамі.

Абед для ўсіх беднякоў, праўда, пры адной умове — неабходна быць цвярозым. Дапамагалі сёстрам у гатаванні і арганізацыі абеду вернікі і замежныя госці гомельскай парафіі. Прысутны кс. Дамінік Шыманскі зачытаў Евангелле і нагадаў, што з Хрыстом магчыма ўсё: кінуць піць, знайсці працу, пачаць новае жыццё.

Рамонт у Доме міласэрнасці яшчэ працягваецца. Пасля яго заканчэння на другім паверсе будынка сёстры змогуць утрымліваць хворых бяздомных людзей.

Пакуль што парафія ў Гомелі застаецца адзінай, дзе працуюць сёстры з Ордэна Сясцёр Місіянерак Любові, заснаванага благаслаўлёнай Маці Тэрэзай з Калькуты. Сёстры займаюцца доглядам і лячэннем некалькіх дзясяткаў мужчын і жанчын, што апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання, падтрымліваюць іх духоўна і псіхалагічна. Дапамагаюць у гэтым і вернікі парафіі, ахвяруючы адзенне, абутак, посуд ці ежу.

Паводле www.gomel.catholic.by

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by