Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у сустрэчы ў Брэсцкай крэпасці ў Дзень Перамогі | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
11.05.2013 10:49

9 мая 2013 г., у 68-ю гадавіну Перамогі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прыняў удзел ва ўрачыстай сустрэчы ў Брэсцкай крэпасці. У сустрэчы ўдзельнічалі ветэраны, кіраўніцтва вобласці, горада, прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўніцтва вайсковых часцей.

Пінскі ардынарый звярнуўся да прысутных са словам. «Сёння, у літургічны дзень Унебаўшэсця Езуса Хрыста, у святынях мы маліліся за тых, хто бараніў святую справу свабоды краіны, за тых, хто сёння стаіць на варце яе межаў і незалежнасці, тых, хто праз дыпламатыю і мудрае кіраўніцтва ўтрымоўваюць мір і супакой, спрычыняюцца да дабрабыту грамадзян і духоўнага яго ўзрастання, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях. І тут прыходзіць нам думка аб хрысціянскай візіі чалавека і сэнсу ахвяры з жыцця за каштоўнасць, імя якой — Айчына», — сказаў біскуп.
 
«Як хрысціяне, мы перакананыя, што смерць тых, хто загінуў пры абароне Айчыны, не дарэмная. Яна мае свой унутраны сэнс і сваю сімволіку. І гэта не рамантычныя ўяўленні з гісторыі, але магчымасць зрабіць высновы для наступных пакалененняў. Такія падзеі дапамагаюць захаваць свабоду духу. Іх учынкі даюць сілу сучаснаму пакаленню пры вырашэнні розных заданняў, якія стаяць перад намі ў нашым грамадстве ў дадзены час і ў дадзеных жыццёвых абставінах», — адзначыў іерарх.

Як падкрэсліў біскуп, «для веруючых хрысціян вера ва Уваскрасенне Хрыста, які разарваў путы няволі і выйшаў з магілы, была натхненнем, і яна давала надзею на Перамогу».

«Супольнае дабро грамадзян не дапускае анархіі і бяспраўя. Таму жадаю, каб узрастала і надалей у нашым грамадстве хрысціянская духоўнасць і каб працавіты, сумленны чалавек у нашай краіне адчуваў сябе заўсёды добра і бяспечна», — пажадаў біскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстай сустрэчы.

Поўны тэкст слова біскупа>>>

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by