У Мядзведзічах памаліліся за кс. Вацлава Пянткоўскага ў 25-ю гадавіну яго смерці (+фота) | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
30.11.2016 15:35

30 лістапада, у 25-ю гадавіну смерці ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў святую Імшу ў Мядзведзічах. Ксёндз Пянткоўскі, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, на працягу 43 гадоў нёс святарскае служэнне ў мясцовай парафіі. Аднак у гэтым служэнні быў перапынак амаль на шэсць гадоў — іх святар правёў у ГУЛАГу ў Казахстане.

Падчас літургіі біскуп Антоні Дзям'янка, а таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, шматлікія святары і вернікі дзякавалі Богу за доўгае і багатае Божай мудрасцю жыццё гэтага незвычайнага чалавека, святара, пробашча, духоўнага правадніка і сябра.

Яго «жыццё і адначасова — крок за крокам — набліжэнне да смерці пачалося на Беласточчыне 21 красавіка 1902 года». У яго бацькоў — Міхала і Ганны — было пяцёра дзяцей. «Атмасфера ў доме будучага святара стварала спрыяльны грунт для плённай веры, патрыятызму і святарскага паклікання. (...) У гэтым доме квітнелі карані пабожнасці, узорнай сумленнасці, адказнасці, любові да Касцёла і Айчыны», — падкрэсліў біскуп Антоні Дзям’янка, адзін з навучэнцаў падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах, арганізаванай кс. інфулатам Пянткоўскім у часы ганенняў за веру.

Дзяцінства і маладосць, хоць і выпалі на часы Першай сусветнай вайны, былі ўзбагачаны вучобай у Беластоку і настаўніцкай працай у Мілавідах каля Баранавіч. «Калі Вацлаў аказаўся ў Варшаве, дзе на працягу двух гадоў вывучаў замежныя мовы, таямнічы голас не даваў яму спакою. Так, гэта быў голас самога Бога: “Ідзі за Мною!” — узгадаў падчас Імшы біскуп Дзям’янка. — Трэба было мець вялікую адвагу і моцную веру, каб у пасляваенны час адказаць станоўча на голас паклікання».

Да тых дзён юнацтва, калі было прынята гэтае гераічнае рашэнне, Вацлаў часта вяртаўся ўспамінамі: калі быў у семінарыі ў Пінску, калі рыхтаваўся да святарскага служэння ў Папскім латэранскім універсітэце. Прэзбітэрскае пасвячэнне ён атрымаў з рук першага біскупа Пінскага Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага ў 1931 годзе.

Святар працаваў у Стараельні, Навагрудку, Брэсце, Івянцы, Рубяжэвічах, Пяршаях, Камені і Волме. 2 лютага 1948 года прыбыў у Мядзведзічы.


«Колькі Божай ласкі сплыло там у людскія душы! Памятай пра гэта, вечны Божа!» — маліўся біскуп Антоні Дзям’янка.

Ксёндз Вацлаў быў вельмі руплівым пастырам. Ён клапаціўся, каб дзеці па магчымасці раней прыступалі да Першай святой Камуніі, арганізоўваў катэхізацыю для розных груп вернікаў, уводзіў паслясаборныя змены ў літургію. «Адкрыты і прыязны, са здаровым пачуццём гумару, заўсёды гасцінны, працавіты, сумленны, часамі строгі... ён любіў вас!» — сказаў іерарх, звяртаючыся да вернікаў парафіі ў Мядзведзічах.

Ксёндз інфулат Пянткоўскі выхаваў шмат святароў. Адзін з іх — кс. Рышард Юнік — ужо адышоў у вечнасць у 2014 годзе.

«Ксёндз інфулат можа быць прыкладам прыгожага перажывання старасці, — адзначыў біскуп Дзям’янка. — Яго старасць была паважанай не за колькасць пражытых гадоў... Яго паўналеццем была мудрасць, а мераю старасці — бездакорнае жыццё».

Ксёндз Вацлаў быў блізкі да жыцця людзей, ведаў розныя пакаленні асобных сем’яў і кожнага па імені. Быў вельмі патрабавальным — як у адносінах да сябе, так і да іншых.

«Трэба падкрэсліць эўхарыстычную пабожнасць памерлага ксяндза інфулата. Ён вельмі глыбока маліўся, цэлебруючы святую Імшу, доўга рыхтаваўся да Эўхарыстыі. Клапаціўся пра ход літургіі, яе прыгажосць, — падкрэсліў біскуп Дзям’янка. — Хацеў, каб падчас літургіі Бога праслаўлялі як мага прыгажэй».


Ксёндз Вацлаў «праслаўляў Бога, дапамагаючы людзям ачысціць свае сэрцы». «Служыў людзям, якія пакорна прыходзяць да акенца канфесіянала, вызнаючы свае грахі, просячы Бога аб міласэрнасці, абяцаючы выправіцца. Мы хочам вучыцца ад ксяндза інфулата гэтай любові да Езуса Эўхарыстычнага і любові да Езуса Міласэрнага ў канфесіянале», — адзначыў біскуп Дзям’янка.

Ксёндз інфулат вельмі шанаваў Маці Божую і нават у апошнія хвіліны жыцця папрасіў прысутнага ля яго ложка ўрача з Ляхавіч, каб той падаў яму абраз Панны Марыі — прытуліў яго да сэрца і сканаў. Ён жыў і паміраў для Пана.

«Няхай цешыцца хвалою ў небе твая святарская прыгожая душа, як вянок жніва, складзены на алтары Бога, якога ты выбраў, за якім пайшоў, якога любіў і якому служыў. Няхай Бог будзе для цябе ўзнагародай!» — маліўся разам з прысутнымі біскуп Антоні Дзям’янка за свайго спачылага пастыра і настаўніка.


(VGr)
Фота кс. Яна Глінкі
і з архіва парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах

Таксама па тэме: «Святар-легенда»: успаміны пра кс. Вацлава Пянткоўскага.

 
© 2003-2024 Catholic.by