У Беларусі адзначаецца рост алкагольнай залежнасці сярод жанчын і падлеткаў | Друк |
Грамадства
23.11.2009 14:13

Нарколагі Беларусі канстатуюць павелічэнне колькасці жанчын, што пакутуюць ад алкагалізму. На сённяшні дзень у нашай краіне на чатырох мужчын, залежных ад алкаголю, прыходзіцца адна жанчына, хоць яшчэ ў канцы ХХ ст. гэтая лічба складала 12 да 1.

Як адзначыў загадчык аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Андрэй Капытоў, жаночы алкагалізм фарміруецца звычайна пазней, чым мужчынскі — у 26–27 год, — але прагрэсіруе хутчэй. Жанчына, па словах спецыяліста, можа стаць залежнай ад алкаголю за 10 год, у той час як мужчына — за 16. Пры гэтым, як паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс», Андрэй Капытоў нагадаў аб разумовай дэградацыі, якая ў жанчын адбываецца ўдвая хутчэй, і аб хутчэйшым у параўнанні з мужчынамі памяншэнні масы рэчыва мозгу.

Сярод стрэсавых фактараў, якія выклікаюць жаночы алкагалізм, спецыяліст паставіў на першае месца страту жаночай прывабнасці, на другое — сексуальную незадаволенасць, затым — разводы, здрады і жыццёвыя нягоды. Яшчэ адной негатыўнай тэндэнцыяй, якая спрыяе развіццю ў Беларусі жаночага алкагалізму, з’яўляецца рост залежнасці ад алкаголю сярод падлеткаў. Па словах Андрэя Капытова, у нашай краіне павелічэнне колькасці залежных адбываецца ў аднолькавай меры сярод хлопчыкаў і дзяўчынак.

 
© 2003-2024 Catholic.by