Гучна выказацца ў абарону жыцця | Друк |
Грамадства
02.06.2011 13:49

1 чэрвеня 2011 г., у Міжнародны дзень абароны дзіцяці, у Мінску прайшоў ужо сёмы канцэрт-акцыя «У абарону жыцця». Праграма праекта — уручэнне прызоў пераможцам конкурсу дзіцячага малюнка «Свет з марай», тэатральная пастаноўка, песні — стала своеасаблівым напамінам пра тое, што зачатае жыццё ўжо з’яўляецца чалавекам, які створаны Богам не спантанна і мае сваё пакліканне.

Галоўная мэта дадзенай акцыі, як адзначыў каардынатар канцэртнага праекта Дзмітрый Зяленскі, — гучна выказацца ў абарону жыцця праз творчасць, дзякуючы якой можна звярнуцца адразу да вялікай колькасці людзей. 

Аляксандр Патліс, вядомы беларускі спявак, указаў на тое, што ў свеце шмат людзей памірае ад СНІДу, і адначасова выказаў надзею, што будзе знойдзены лек ад гэтай хваробы. Можа, як падкрэсліў, вынаходнікам гэтага леку стане хтосьці з дзяцей, якія побач з ім стаялі на сцэне, а можа, той, каго ўсё ж такі вырашылі нарадзіць.

Данііл Казлоў, удзельнік дзіцячага «Еўрабачання-2010», праспяваў песню для сваёй мамы, якая нарадзіла яго ў 42 гады. Нягледзячы на невясёлыя прагнозы ўрачоў і слабое здароўе, мама Данііла збірала ўсе свае сілы, каб выхадзіць і нарадзіць дзіця. А сёння гэтае дзіця дзякуе сваёй маме за жыццё і радуецца яму.

У гэты вечар ў канцэртнай зале «Мінск» былі будучыя мамы і шматлікія сем’і са сваімі дзецьмі. Іх прысутнасць таксама была голасам у абарону жыцця.

 
© 2003-2024 Catholic.by